«Беларускія ўікэнды» ў Гродне пачаліся з фільма «Хронікі Нарніі: Леў, вядзьмарка і гардэроб». Пляцоўкай для паказу стаў кінатэатр «Космас». Андрэй Кім, кіраўнік праекту «Беларускія ўікэнды», пад час прэс-брыфінгу падзяліўся дэталямі працы над перакладамі і расказаў аб будучых паказах. «Беларускія ўікэнды» — супольны праект кампаніі «Кінаконг» і мабільнага аператара Velcom, піша grodnonews.by.
Каралеўскі прыём для «Маленькага прынца». Гродзенскі паказ фільма ў беларускамоўнай агучцы прайшоў з аншлагам
Дарэчы прэм’ерныя кінастужкі выключны выбар жыхароў краіны. Арганізатары праекту правялі галасаванне, каб даведацца, якія з паказаных раней фільмаў, людзі хацелі б пераглядзець. З вялікім адрывам перамаглі «Фораст Гамп», «Хронікі Нарніі» і «Таемнае жыццё Уолтэра Міці».
На самой справе, фільм праходзіць вельмі доўгі і цяжкі шлях да экрану. Спачатку трэба атрымаць дазвол на паказ і пераклад у праваўладальніка, а гэта можа заняць не адзін месяц. Потым ідуць перамовы з відэапракатам, з мясцовымі ўладамі. Пошук акцёраў дубляжу таксама карпатлівы працэс, бо абраны голас павінен пасаваць да кінагероя. Затым ідзе агучка, нават прафесійныя артысты падкрэсліваюць, што праца гэта сапраўды цяжкая.
— Фільм «Хронікі Нарніі: Леў, вядзьмарка і гардэроб» вельмі блізкі для мне. Кніга, па якой знята кінастужка, таксама вельмі дарагая сэрцу, таму меў мару перакласці яе. Дарэчы, ужо ў гэтым годзе мы плануем паказаць на вялікіх экранах астатнія дзве часткі «Хронік Нарніі», гэта абавязкова. Таксама пакажам нашаму гледачу «Уладара пярсцёнкаў». У працу над гэтым фільмам прыцягнем не толькі прафесійных акцёраў, бо герояў у гэтым кіно вельмі шмат. На другасныя ролі правядзём кастынг, мне задаецца, што гэта будзе вельмі цікава, — расказаў Андрэй Кім.
Калі «Беларускія ўікэнды» прыйдуцца да душы гродзенскаму гледачу, арганізатары будуць прывозіць не толькі класіку кіно, але і малавядомыя фільмы.
— Нядаўна быў на кінафестывалі ў Берліне, і там знайшоў для сябе цікавыя карціны, якія я хацеў, каб яны з’явіліся на беларускай мове. Таксама ў нас ёсць мара выпусціць беларускі пераклад нейкай прэм’еры, каб у гледача быў выбар: пайсці на рускамоўны пераклад або беларускамоўны, — падзяліўся Андрэй Кім.