У Беларусі з 2020 года плануецца спрасціць працэдуру рэгістрацыі для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэставанні, паведаміў міністр адукацыі Ігар Карпенка падчас працоўнай сустрэчы дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў з кіраўніцтвам Міністэрства адукацыі, піша БелТА.

«З 2020 года плануецца, што пры рэгістрацыі для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэставанні дакументы змогуць падаваць прадстаўнікі абітурыента. Акрамя гэтага, можна будзе замест арыгінала падаваць копію дакумента, які сведчыць асобу», — сказаў ён.

Парадак арганізацыі і правядзення цэнтралізаванага тэставання застанецца ранейшым.

«Змянілі толькі сістэму падліку балаў. Раней вызначаўся рэйтынг абітурыента сярод усіх, хто прайшоў тэставанне. Цяпер можна вызначыць і рэйтынг, і супаставіць балы ЦТ з выніковымі адзнакамі ў школе. Працэдура апрацоўкі вынікаў ЦТ стане больш адкрытай і празрыстай. Абітурыенты на аснове размешчанай у адкрытым доступе інфармацыі аб першасных балах змогуць прагназаваць свой вынік «, — канстатаваў міністр.

Яшчэ адно новаўвядзенне — на завочную бюджэтную форму навучання на падставе агульнай сярэдняй адукацыі змогуць паступаць толькі тыя, хто будзе мець на той момант стаж працы па профілі не менш за 10 месяцаў. Калі гэта мужчыны, то таксама да гэтага яны павінны прайсці тэрміновую ваенную службу.

Выпускнікам профільных аграрных класаў будзе дадзена права без уступных іспытаў на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі паступаць у ВНУ на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці.

Для абітурыентаў, якія прэтэндуюць на спецыяльнасці, што патрабуюць асаблівых кіраўнічых і практычных навыкаў, плануюць праводзіць дадатковыя уступныя іспыты ў ВНУ. Акрамя гэтага, мэтавая падрыхтоўка па найбольш запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцях будзе распаўсюджвацца на арганізацыі па-за залежнасці ад месца іх знаходжання.