Дырэктарам Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры стаў Уладзімір Сацюк, які раней служыў намеснікам начальніка Упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама. Восенню 2017 года ён збіў на аўтамабілі 50-гадовую жанчыну. С**бода даведался ў Сацюка, як скончылася для яго тая гісторыя і як яму першыя дні на новай пасадзе.

У размове з карэспандэнтам С**боды ён сказаў, што «расследаванне завершана, панёс адказнасць».

Ён, аднак, не стаў дзяліцца падрабязнасцямі праз тэлефон.


«Тамара заўжды носіць флікер». Гродзенскі міліцыянт збіў жанчыну на пешаходным пераходзе


На пытанне, што збіраецца мяняць у працы цэнтра культуры, спадар Сацюк адказаў, што «пакуль уваходзіць у курс спраў».

«Планы я для сябе склаў, але пра іх пакуль рана гаварыць».

Якую апошнюю кнігу прачытаў Уладзімер Сацюк? «Ірландскія казкі на англійскай мове», — адказаў суразмоўца.


Што гродзенцы думаюць аб прызначэнні экс-палкоўніка кіраўніком культуры? Меркаванні з інтэрнэту


Ва ўпраўленні Следчага камітэту па Гродзенскай вобласці карэспандэнту С**боды сказалі, што адносна Уладзіміра Сацюка «справы ў нас ніколі не было, не пачыналася».

Там не назвалі прозвішча кіроўцы аўтамабіля, які зрабіў наезд у Бярозаўцы ў кастрычніку 2017 году.

Афіцыйны прадстаўнік упраўлення СК па Гродзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч паведаміў, што было вырашана вызваліць кіроўцу ад крымінальнай адказнасці, «улічваючы хадайніцтва пацярпелай… той факт, што кіроўца ўпершыню ўчыніў менш цяжкае злачынства, раней не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, мае сталае месца жыхарства і характарызуецца станоўча, а таксама прызнаў віну цалкам… і поўнасцю пакрыў шкоду».

Гэтае рашэнне СК было «ўзгоднена з пракурорам Гродзенскай вобласці».