30-гадовая жанчына павесілася пасля таго, як чацвярых яе дзяцей забралі ў прытулак. Трагедыя здарылася ў вёсцы Вайкунцы Воранаўскага раёну Гродзенскай вобласці 7 лютага. 5 лютага падобная трагедыя здарылася з 32-гадовай маці траіх дзяцей з Гомельскай вобласці.
Засілілася ў дзень, калі забралі дзяцей
Тацяна Б. з мужам Андрэем гадавалі чацвярых дзяцей ва ўзросце 13, 12, 11 і 4 гады, піша «Радыё С**бода».
Па словах Андрэя, дзяцей забралі з сям'і ўдзень 7 лютага. Памерлую жонку ён знайшоў у той жа дзень увечары.
«Бацька пайшоў кабана пакарміць, ня здолеў летнюю кухню адамкнуць. Калі дзверы адчыніў, яна там вісела. Ён прыбег, мне сказаў. Я яе прыпадняў. Бацька перарэзаў вяроўку. Я выклікаў „хуткую“», — успамінае мужчына.
Аднак выратаваць Тацяну не ўдалося.
Перад смерцю Тацяна нікому не казала пра сваё рашэнне, не пакінула запіскі. Імаверна, апошняй, з кім жанчына нядоўга гаварыла па тэлефоне, была цётка.
Апошнімі словамі нябожчыцы былі: «Скончаны баль, патухлі свечкі», — пераказвае муж.
«То антысанітарыя, то лядоўня пустая… Абое пілі»
Муж і жонка працавалі на ферме: Андрэй даглядчыкам жывёлаў, Тацяна вартаўніцай.
Сямʼю паставілі на ўлік як такую, што знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы (СНС) у 2014 годзе. Тады жанчына паехала нараджаць малодшую дачку нецвярозай, патлумачыла аднавяскоўка Ганна, якая працуе ў Пагародзенскай сярэдняй школе.
Сямʼю тройчы то ставілі, то здымалі з уліку як СНС.
«То антысанітарыя, то лядоўня пустая. Яны абое патроху пастаянна пілі, абое стаялі на ўліку ў нарколага. Але не сварыліся, ня біліся», — кажа аб прычынах пастаноўкі на ўлік СНС Ганна.
Паводле яе, бацькоў перыядычна здымалі з уліку, «патуралі».
«Праца з імі праводзілася вялікая. Вырашылі забраць дзяцей, каб быў час падумаць, каб узбударажыць з гэтае нагоды, каб задумаліся, бо выпраўлення не было», — тлумачыць настаўніца.
Яна сказала, што забіраць дзяцей з сямʼі - звычайная практыка. Часта потым вяртаюць, калі бацькі хаця бы трохі выпраўляюцца. У іхнай школе такія выпадкі ўжо былі. Гэтым бацькам таксама тлумачылі, што дзяцей можна вярнуць.
«На нас моцна наехала школа»
На пытанне, чаму жонка наклала на сябе рукі, Андрэй адказвае:
«Я нічога не магу сказаць. Проста на нас у студзені моцна наехала школа, калі мы атрымалі кватэру».
Сужэнцы летась у снежні атрымалі кватэру ў Воранаве як шматдзетная сямʼя. Аднак адразу не было сродкаў, каб купіць і перавезці мэблю, таму пераезд адкладалі. У той жа час правяральнікі настойвалі, каб сямʼя пераехала хутчэй. Калі іх апошні раз з жонкай выклікалі ў школу, дамовіліся, што яны пераедуць да 14 лютага.
У мужчыны сваё бачанне, чаму забралі дзяцей. Андрэй кажа, праверкі пачасціліся ў студзені. Ён памятае, што заўвагу наконт злоўжывання жонкай алкаголем правяральнікі зрабілі толькі адзін раз, пасля Новага году, 2 студзеня. Галоўнай прэтэнзіяй, на ягоную думку, быў беспарадак дома.
Ён патлумачыў, што жонка, акрамя сваёй асноўнай працы, замяняла калегу, які трапіў у шпіталь. Таму яны часта з раніцы да позняга вечара былі на працы.
«Бывала, не паспявалі посуд памыць. Яны прыедуць — то посуд брудны, то нешта яшчэ. За гэта да нас і прычапіліся», — кажа Андрэй.
У той дзень сужэнцы абмяркоўвалі, як найхутчэй палепшыць умовы пражывання і вярнуць дзяцей дадому.
З нагоды смерці жонкі Андрэй плануе звяртацца ў пракуратуру з просьбай разабрацца, ці вінаваты нехта ў тым, што здарылася.
«Я проста так гэтага не пакіну», — кажа ён і пачынае плакаць.
Суседка: «Калі трэба дапамагчы, Тацяна першая была»
Суседка Часлава расказала, што Тацяна і Андрэй былі нармальнай вясковай сямʼёй. Што Тацяна была працавітай. Калі трэба было дапамагчы аднавяскоўцам, то яна была першай.
«Можа, і выпівалі. Цяжка сказаць, калі разам не жывеш», — каментуе жанчына.
Другая суседка, Ірына, адзначыла, што сямʼя трымала вялікую гаспадарку: тры каровы, свінні, агарод. Прадавалі сваю бульбу, здавалі малако. Каб купіць мэблю ў новую кватэру, прадалі адну карову і цяля.
«Не скажу, што яны былі прапашчыя людзі. Можа калі крыху выпівалі, але не скажу, што валяліся. Ніколі ня біліся паміж сабой, ніколі на іх міліцыю не выклікалі», — кажа Ірына.
Суседка заўважае, што яны былі прыязнымі людзьмі, гатовымі дапамагчы па гаспадарцы. Дзеці заўсёды віталіся, у школе вучыліся з сярэднімі поспехамі. Але былі дагледжаныя, адзетыя, абутыя.
Ірына згаджаецца, што хата, у якой жыла сямʼя, была старэнькай, простай, з прыбіральняй на вуліцы і вадой са студні. У хаце мог быць беспарадак. Аднак сужэнцы выпраўлялі недахопы, якія ім закідалі: клеілі шпалеры, фарбавалі сцены.
Дзяцей адпусцілі на пахаванне
Тацяну пахавалі 9 лютага. На пахаванне дазволілі прыехаць дзецям.
«Дзеці, вядома, плакалі. Не перадаць словамі іхны стан», — кажа Ірына.
Тацяна і Андрэй рэгулярна хадзілі ў касцёл. Святар, нягледзячы на самагубства, дазволіў унесці труну ў храм, маліўся за нябожчыцу.
Цяпер дзеці знаходзяцца ў Радунскім сацыяльна-педагагічным цэнтры. Бацька плануе пераехаць у новую кватэру, знайсці працу ў Воранаве і як мага хутчэй забраць дзяцей.
Дырэктар школы: «Каментароў не даю»
Дырэктарка Пагародзенскай сярэдняй школы, дзе вучацца дзеці нябожчыцы, Галіна Талайкоўская, адмовілася ад каментароў.«У першую чаргу я дбаю аб правах непаўналетніх. Па-другое, вядзецца следства. У мэтах невыдавання я ніякіх каментароў пра гэта не даю», -сказала Галіна Талайкоўская.
У той жа час яна пракамэнтавала сітуацыю для «Воранаўскай газеты».
«У поле зроку калектыву нашай школы гэтая сямʼя трапіла ў жніўні 2014 году ў сувязі з выяўленнем фактаў спажывання бацькамі алкагольных напояў, невыканання рэкамендацый медыцынскіх работнікаў па выніках медаглядаў дзяцей-школьнікаў. Пры наведванні сямʼі ў хаце неаднаразова выяўляліся выпадкі адсутнасці прадуктаў і прыгатаванай ежы, дзіцячага адзення па сезоне і ўзросце. Не выконваліся захады пажарнай бяспекі. У доме стаяў смурод, было брудна і холадна».
Атрымаць каментар у аддзеле адукацыі Воранаўскага райвыканкаму не атрымалася.
СК: праводзіцца праверка
Афіцыйны прадстаўнік УСК Гродзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч сказаў, што праводзіцца праверка па факце смерці жыхаркі Воранаўскага раёну.
«Каб вызначыць прычыну смерці, у гэты момант прызначана судова-медыцынская экспертыза. Усе акалічнасці будуць высветленыя падчас правядзення праверачных і працэсуальных дзеянняў. Папярэднія дадзеныя сведчаць, што смерць жанчыны ня носіць крымінальнага характару», — растлумачыў Шаршаневіч.