З моманту знікнення пяцігадовага Міхаэля Якімчыка прайшоў тыдзень. Да гэтага часу пра месцазнаходжанне дзіцяці нічога не вядома. Як паведамляе УУС аблвыканкама, пошукі дзіцяці працягваюцца. Як толькі з’явіцца хоць нейкая інфармацыя, яе адразу ж паведамяць. У пошукавых мерапрыемствах удзельнічаюць не толькі праваахоўныя органы, але і пошукава-выратавальныя атрады «Анёл» і «ЦэнтрСпас», паведамляе grodnonews.by.

Нагадаем, 28 кастрычніка каля 11 гадзін дня дзіця з дзіцячага садка № 78, што на праспекце Дзяржынскага, 121/1, забраў і павёў у невядомым накірунку яго бацька Вітольд Якімчык. Дадому яны так і не вярнуліся. Відавочных зачэпак пра месцазнаходжанне мужчыны і дзіцяці таксама няма. Яны могуць знаходзіцца ў любым пункце краіны. Родныя хвалююцца яшчэ і таму, што хлопчык застаўся з бацькам, у якога праблемы з сэрцам. Мужчына мае інваліднасць другой групы.

Па словах мамы зніклага Міхаэля Людмілы, з бацькам дзіцяці яна развялася ў красавіку гэтага года, але, каб не траўмаваць хлопчыка, камунікаваць з ім не перашкаджала.

— Ніякага падвоху не адчувала і ў той дзень, — кажа Людміла. — Бо былы муж перыядычна адводзіў Міхаэля ў дзіцячы сад і забіраў адтуль. Гэта могуць пацвердзіць і выхавальнікі ўстановы. Таксама ў верасні і кастрычніку браў дзіця да сябе з начлегам, а па нядзелях яны разам хадзілі ў касцёл. Што падштурхнула Вітольда на такі безразважны ўчынак, нават не ўяўляю. Няма ў мяне і здагадак, дзе могуць знаходзіцца сын і былы муж. Адзінае, пра што прашу, каб яны як мага хутчэй далі пра сябе ведаць, выйшлі на сувязь. Вельмі люблю сына і чакаю яе вяртання дамоў.

Прыкметы 5-гадовага Міхаэля Якімчыка: рост 120 см, нармальны целасклад, валасы светла-русыя. Быў апрануты ў сінюю куртку і плямістую камізэльку, сінюю шапку з пампонам, шэрыя трыкатажныя штаны і сінія красоўкі. Бацька Вітольд Вітольдавіч Якімчык быў апрануты ў ярка-сінюю куртку з капюшонам, цёмна-сінія штаны, сінія красоўкі.

Усе, хто валодае інфармацыяй аб зніклым дзіцяці або мужчыне, просьба паведаміць па нумарах тэлефонаў ПВА «Анёл»: 7733 (для ўсіх мабільных аператараў), 8033 666−68−56, 8033 666−60−33. Альбо ў міліцыю на агульны 102.