Беларусы другі год запар уваходзяць у лік нелюбімых палякамі народаў. У параўнаньні з 2018 годам сымпатыя вырасла, але зь непрыхільнасьцю да беларусаў ставіцца амаль траціна палякаў, піша С**бода.
Вынікі сацыялягічных дасьледаваньняў апублікавала адна з найбуйнейшых польскіх лябараторыяў «Цэнтар дасьледаваньня грамадзкай думкі» (CBOS). Найбольшай палякі любяць чэхаў — 56% апытаных заявілі, што ставіцца да іх з прыхільнасьцю. Далей, як і летась, італьянцы (55%), славакі і вугорцы (53%). Сымпатыя да гэтых нацыяў вырасла за год на больш як 10%. За імі амэрыканцы, ангельцы, харваты, датчане, французы, фіны, балгары.
Немцаў любяць больш, чым беларусаў
Вынікі апытаньня ў мінулым годзе паказалі вельмі невясёлую карціну адносна беларусаў. У прыхільнасьці да іх прызналіся ўсяго 21% палякаў. З 2017 года падзеньне склала рэкордныя 16%.
У параўнаньні зь леташнім дасьледаваньнем, у гэтым годзе сымпатыя да беларусаў вырасла, але і так не дасягнула ўзроўню двухгадовай даўніны.
Беларусы зноў бліжэй да канца сьпісу з вынікам — 31%. Амаль аналягічнае стаўленьне ў палякаў да кітайцаў і габрэяў. Высокай застаецца непрыхільнасьць да беларусаў. У гэтым прызналася амаль траціна апытаных — 27%. Цікава, што сымпатыя да немцаў, у якіх з палякамі было шмат гістарычных канфліктаў, вышэйшая, чым да беларусаў — 36%.
Да ўкраінцаў у палякаў аналягічны ўзровень сымпатыі, што і да беларусаў, але нецярпімасьць вышэйшая — 41%. Яшчэ горш палякі ставяцца да расейцаў: 28% з сымпатыяй, 43% зь нецярпімасьцю.
Пасьля расейцаў сьпіс закрываюць румыны, цыганы і арабы.
Тым ня менш, як тлумачыць у камэнтары да дасьледаваньня лябараторыя CBOS, у гэтым годзе зафіксаванае паляпшэньне стаўленьня палякаў амаль да ўсіх нацыяў.
«Значна зьменшыўся працэнт апытаных, якія нэгатыўна ставяцца да расейцаў і беларусаў», — падкрэсьліваюць сацыёлягі.
Чаму палякі ставяцца з такой прахалодай да беларусаў, калі абодва народы стагодзьдзямі жылі ў адной дзяржаве — Рэчы Паспалітай — і ня мелі гістарычных канфліктаў, аналягічных польска-нямецкім, або ўкраінска-польскім? З гэтым пытаньнем С**бода зьвярнулася да прадстаўнікоў беларускай меншасьці ў Польшчы, і польскай у Беларусі.
Ганна Кандрацюк, пісьменьніца, журналістка беларускамоўнага тыднёвіка «Ніва» у Беластоку
— Нават ня ведаю, як такое магчыма. У мяне шмат сяброў палякаў. Мой асабісты досьвед сьведчыць аб тым, што ў палякаў няма адмоўных пачуцьцяў да беларусаў. Калі казаць пра канкрэтна гэтыя лічбы, то думаю, што тут мае ўплыў пачуцьцё былога каляніялізму. Палякі яшчэ не забыліся, што частка Беларусі і Ўкраіны належалі некалі ім і што яны адчувалі сябе там лепшымі. Страта мітаў мае таксама сваю цану. Бо калі людзі ведаюць адзін-другога, калі сустракаюцца, тады яны маюць іншае ўспрыняцьце і сымпатыю. Беларусь знаходзіцца каля Польшчы, але палякі мала ведаюць пра Беларусь, слаба ведаюць беларускую мову. Мала перакладаў беларускай літаратуры, няма шырокага культурнага абмену. Беларуская «мяккая сіла» у Польшчы вельмі слабая. Мэханізмы, якія павінны збліжаць народы, у гэтым выпадку проста не працуюць.
Анджэй Пісальнік, сакратар Галоўнага праўленьня Саюзу палякаў Беларусі, рэдактар польскамоўнага парталу znadniemna.pl у Горадні
— Мне здаецца, што палякі ў сваёй большасьці, што і даказвае апытаньне, хутчэй ставяцца да беларусаў з сымпатыяй. Калі ёсьць нейкія зрухі ў нэгатыўны бок, то яны маюць нетрывалы характар і абумоўленыя палітычнымі, альбо геапалітычнымі абставінамі. Сярод апошніх можна ўзгадаць блізкія стасункі і супрацоўніцтва Беларусі з Расеяй, якая ў Польшчы ўспрымаецца, як краіна-агрэсар. Таксама на ўспрыняцьце беларусаў палякамі ўплывае тое, што яны рэгулярна чуюць, як беларуская дзяржава дыскрымінуе польскую меншасьць у Беларусі, а таксама выдаляе з краіны польскіх ксяндзоў. Зразумела, што за апошнія прыклады адказвае дыктатарская ўлада, якую мы маем у Беларусі. Але ж ва ўспрыняцьці польскага грамадзтва гэтая ўлада ўжо столькі дзесяцігодзьдзяў пануе ў суседняй краіне таму, што самім беларусам гэтая ўлада падабаецца і яны ня робяць нічога эфэктыўнага, каб яе зьмяніць.
Дасьледаваньне лябараторыі CBOS было праведзенае ў студзені 2019 года. У ім прынялі ўдзел 928 чалавек.
Пра стаўленьне беларусаў да іншых нацыяў сьведчыць апублікаваныя сёньня вынікі апытаньня Інфармацыйна-аналітычны цэнтар пры Адміністрацыі прэзыдэнта.
ІАЦ запытаўся ў беларусаў наконт стаўленьня да іншых народаў. Найбольш станоўчых эмоцыяў апытаныя маюць да расейцаў — 89,5%, 9,5% ставяцца да іх нэўтральна, а 0,5% — адмоўна. 73% апытаных станоўча ставяцца да ўкраінцаў, 23% — нэўтральна, а 2,5% — адмоўна. Да палякаў станоўча ставяцца 64%, 30,5% — нэўтральна, а 4% — нэгатыўна. Прыблізна ж такія сымпатыі і антыпатыі ў беларусаў да латышоў і літоўцаў.