Выстаўляць эксклюзіўныя экспанаты, праводзіць запамінальныя мерапрыемствы ва ўнутраным дворыку зможа Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі. Па праекце міжнароднай тэхнічнай дапамогі, які адобрылі, музей атрымае больш за 203 тысяч еўра, піша «Вячэрні Гродна».
Агульная сума праекта — 1 млн 106,5 млн еўра. Еўрасаюз выдзеліць каля 996 тысяч еўра. Гродзенскі музей гісторыі рэлігіі прафінансуюць на суму крыху больш за 203 тысяч еўра.
Як распавялі ў музеі, на гэтыя грошы будзе закуплена 14 вітрын з клімат-кантролем. Гэта дазволіць выконваць тэмпературны і вільготны рэжым, што пашырыць магчымасці экспанавання рэдкіх прадметаў і каштоўнасцяў. Падобнае абсталяванне сустракаецца ў некаторых беларускіх музеях, але яго няшмат. Менавіта гродзенскі музей гісторыі рэлігіі стане першым у Беларусі, дзе спецтэхналогіі будуць ужытыя ў вялікіх маштабах.
Будзе праведзены адкрыты міжнародны тэндэр на незвычайныя вітрыны. Змантаваць іх плануецца ў 2020 годзе. Акрамя таго, з’явіцца мабільны сцэнічны комплекс, дзякуючы якому ва ўнутраным дворыку музея павялічыцца маштаб мерапрыемстваў. І арганізоўваць іх стануць часцей. Закупяць аўдыёапаратуру і асвятляльныя прыборы.
Разам з літоўскім бокам у красавіку пройдзе сумесная велікодная выстава, а бліжэй да канца года — калядная выстава.
Даведка
Праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Культурная спадчына па абодва бакі мяжы» закліканы садзейнічаць росту культурнай прэзентабельнасці і прывабнасці, павелічэнню патоку турыстаў і эканамічнаму развіццю рэгіёну. Акрамя Гродзенскага музея гісторыі рэлігіі яго ўдзельнікамі сталі адміністрацыя муніцыпалітэта і культурны цэнтр Друскінінкая. Праект атрымаў адабрэнне сумеснага маніторынгавага камітэта Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Латвія — Літва — Беларусь на 2014−2020 гг». Ён павінен быць рэалізаваны да 1 кастрычніка 2020 года.