Два бара ў горадзе не забяспечваюць бяспеку наведвальнікаў. Пра гэта на планёрцы ў старшыні гарвыканкама далажыў начальнік Ленінскага РАУС Гродна палкоўнік міліцыі Алег Карпушкін, піша vgr.by.

Паводле яго слоў, установы не забяспечваюць правапарадак: там недастаткова развітая сістэма відэаназірання, няма ахоўнікаў і гардэробшчыкаў, што прыводзіць да крадзяжоў асабістых рэчаў. Акрамя гэтага побач з гэтымі барамі адбываюцца бойкі.

Так, за 2018 год у бары на Горкага зафіксавалі 18 правапарушэнняў, на Сацыялістычнай — 27. Гэта крадзяжы, дробнае хуліганства, прычыненне цялесных пашкоджанняў. Большасць супрацьпраўных дзеянняў адбываецца пасля поўначы. На шум з бараў скардзяцца жыхары суседніх дамоў. Алег Карпушкін распавёў пра выпадкі, калі на вуліцы ўзнікалі канфлікты, падчас якіх пашкоджвалі аўтамабілі таксі. Міліцыя хадайнічае абмежаваць час працы устаноў. Па выхадных гэтыя бары працуюць да 5−6 гадзін раніцы, і да іх прыходзяць ужо падпітыя наведвальнікі.

Старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой даручыў прыняць жорсткія меры і не дапусціць, каб наведвальнікі знаходзіліся ў небяспецы, а жыхары адчувалі дыскамфорт. Бар на Горкага будзе зачынены, пакуль не будуць ліквідаваны ўсе недахопы, установа на Сацыялістычнай атрымала папярэджанне і таксама павінна ліквідаваць прадпісанні міліцыі.