У Свіслацкім раёне выявілі брагу, самагон і прыстасаванні для яго вырабу ў двух пенсіянераў. Па дадзеных фактах праводзяцца праверкі, па заключэнні якіх і будзе дадзена прававая ацэнка дзеянням пенсіянераў, піша «Гродзенская праўда».

На тэрыторыі Гродзенскай вобласці праведзены рэйды з мэтай выяўлення фактаў незаконнага вырабу, захоўвання і рэалізацыі самагону. Супрацоўнікамі ААПП Кастрычніцкага РАУС Гродна, УАПП і АМАП УУС Гродзенскага аблвыканкама выявілі брагу, самагон і прыстасаванні для яго вырабу ў двух пенсіянераў.

— У вёсцы Церасполь ў гаспадарчай пабудове дома 53-гадовай жанчыны выяўлена амаль паўтоны самагоннай брагі, якая была знішчана, — распавёў старшы інспектар ААПП Кастрычніцкага РАУС Гродна капітан міліцыі Станіслаў Шутовіч. — А ў вёсцы Студзенікі пры вырабе самагонкі затрыманы 70-гадовы мясцовы жыхар. У мужчыны канфіскавалі самагонны апарат і 26.5 літра гатовага прадукту. Паўтары тоны брагі знішчана.