Лідар прадпрымальніцкага руху ў Гродне, старшыня Савета ІП Паўднёвага рынку Андрэй Шасцярыкоў напісаў заяву аб выхадзе са складу Савета ІП, а таксама папрасіў вызваліць яго ад выканання абавязкаў старшыні. Нечаканую просьбу адной з самых прыкметных фігур ў бізнес-супольнасці рэгіёну разгледзелі 1 лютага падчас сходу Савета ІП,
піша
vgr.by.

У групе рынку ў Viber Шасцярыкоў растлумачыў, што пакінуў арганізацыю «з-за сітуацыі, якая склалася ў сферы дзейнасці ІП рознічнага гандлю, немагчымасці паўплываць на змяненне прычынна-выніковых сувязяў у гэтай сферы, а таксама па прычыне майго выразнага разумення далейшага ходу развіцця падзей».

— Сябры! Хачу сказаць усім Вам вялікі дзякуй за Вашу падтрымку і разуменне падчас нашай сумеснай дзейнасці, за Вашу арганізаванасць і з’яднанасць, уменне разбірацца ў складаных пытаннях і знаходзіць правільныя рашэнні ў праблемных сітуацыях! Заўсёды было прыемна ўсведамляць, што мы разам!!! Гэта было адзіным, што надавала мне сіл і жадання змагацца! — напісаў Шасцярыкоў напрыканцы.

Андрэй Мікалаевіч узначальваў Савет прадпрымальнікаў рэчавага рынку «Паўднёвы» на працягу апошніх гадоў, ён выступаў злучальным звяном паміж ІП і прадстаўнікамі ўлады, неаднаразова прымаў удзел у грамадска-кансультатыўным савеце пры Мінэканоміцы, дзе адстойваў інтарэсы прадпрымальнікаў.