Журналістаў Алеся Дзянісава і Алеся Кіркевіча аштрафавалі на 765 рублёў (30 базавых велічыняў) кожнага за гістарычны матэрыял пра Гродна, піша «Радыё С**бода».

Такое рашэнне прыняў суд Ленінскага раёну Гродна 1 лютага. Справу разглядаў суддзя Руслан Гурын.

Суд прызнаў Дзянісава і Кіркевіча вінаватымі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі (ч. 2. арт. 22.9 КаАП Беларусі). Нагодай стаў відэаматэрыял пра старажытныя гродзенскія падзямеллі на адным замежным тэлеканале.

Журналісты не прызналі сябе вінаватымі, адмовіліся даваць паказанні ў судзе.

Апошні раз абодвух журналістаў штрафавалі паводле аналагічнага артыкулу ў 2015 годзе.

Летась Дзянісава аштрафавалі за распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі ў сацыяльных сетках.