У Гродне міліцыянты ўручылі чарговы пратакол журналісту і музыканту Алесю Дзянісаву па артыкуле 22.9 КаАП за сюжэт прысвечаны сутарэнням, які з’явіўся на адным замежным тэлеканале, піша «Гарадзенская вясна».
— Да Алеся Кіркевіча дзесьці тыдні два таму прыходзілі міліцыянты. Я, скажам так, не ішоў з імі на кантакт, ну, а сёння проста пашкадаваў іх. Чарговы раз яны грукаліся ў дзверы, я вырашыў, што звычайныя міліцыянты не павінны адказваць за сваіх начальнікаў-дурняў. Напісаў, што не згодны з пратаколам і распісаўся, — кажа Алесь Дзянісаў.
Журналіст адмовіўся даваць міліцыянтам тлумачэнні:
— Запыталіся ці буду даваць паказанні. Я адказаў, што не варта губляць час. Яны сказалі, што гэта правільна і паехалі. Цяпер чакаю позву з суда. Думаю, што ў першай палове лютага.
Па артыкуле 22.9 КаАП РБ (незаконны выраб і распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі) у Гродне за апошнія некалькі год вялікімі адміністрацыйнымі штрафамі былі пакараныя: Андрэй Мялешка, Алесь Дзянісаў, Павел Мажэйка ды Алесь Кіркевіч.
Па тым жа артыкуле і за той жа сюжэт будуць судзіць Алеся Кіркевіча.