25-гадовага жыхара Гродна падманула магіляўчанка. Як паведаміла афіцыйная прадстаўнічка Ленінскага РАУС Магілёва Алена Сіманава, малады чалавек замовіў праз інтэрнэт iPhone, але ў пасылцы знайшлася фляга. Ашуканы пакупнік звярнуўся ў міліцыю.
– 22-гадовая магіляўчанка не працуе, раней ужо была судзімая за махлярства і працягвае падманваць даверлівых грамадзян, – адзначыла Алена Сіманава. – Так, яна абяцала набыццё новага мабільнага тэлефона на сайце “Куфар”, праўда, за перадаплату ў 250 рублёў. Атрымаўшы грошы, абяцаны тавар высылаць не спяшалася – так у гродзенца і апынулася фляга, якую ён не замаўляў.
Характэрна, што летам дзяўчына трапілася на падобным жа махлярстве – спрабавала “прадаць” мінчанцы туалетную ваду за 100 рублёў.
Вырашаецца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы.


