У Новым замку з’явіўся дзіўны горад. Яго змайстравалі з фанцікаў і абгортак, фальгі і мішуры. Зіхацяць купалы, гатычныя дахі, на дарожках — танцы, музыканты. Шырока адкрыты Залатыя вароты, за імі… яслі, сена і Святое сямейства. У Гродна прывезлі знакамітыя кракаўскія батлейкі, якія ўваходзяць у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
Незвычайныя лубачныя кампазіцыі ў гонар Раства — феномен, характэрны толькі для Кракава. Гэта сапраўдны сацыяльны праект на біблейскую тэму, бо больш за 200 гадоў батлейкі майструюць аматары. Дарослыя і дзеці ствараюць іх для свята, у сакральныя сюжэты ўрываецца свецкае жыццё, гераічныя гісторыі.
Каралі, прэзідэнты і чэмпіёны
Традыцыйна ўсе кракаўскія батлейкі маюць вежы. Па форме яны нагадваюць Марыяцкі касцёл, сабор Вавеля або Ратушу. Праглядаюцца элементы каралеўскага замка, палацаў, брамаў, сцен.
Не ўсе персанажы — удзельнікі і сведкі нараджэння Хрыста. Побач з мудрацамі-каралямі можа весяліцца Лайконік — кракавянін пераапрануты ў касцюм татарскага хана, з вузкага акна выглядае вядзьмак пан Твардоўскі, а па прыбранай вуліцы побач з кветачніцай ходзіць былы прэзідэнт Польшчы Лех Валэнса або шматразовы чэмпіён свету па скачках з трампліна Адам Малыш.
Ад некалькіх міліметраў да пяці метраў
Больш 80 гадоў у Кракаве праходзіць конкурс на лепшую батлейку. Цяпер яго арганізуе Гістарычны музей горада. Кожны год у першы чацвер снежня на рынкавай плошчы вакол помніка Адаму Міцкевічу любы ахвочы можа выставіць сваю інсталяцыю. Звычайна гэта каля 200 прац. Усе забіраюць у музей, дзе іх ацэньвае журы з прафесіяналаў: мастакоў, мастацтвазнаўцаў, дызайнераў.
— Звычайна конкурс праходзіць у 4-х намінацыях: да 15 сантыметраў, 70 см, 120 см і вышэй. Самая маленькая кампазіцыя была вышынёй у некалькі міліметраў, а самая вялікая — вышэй за 5 метраў, — распавядае куратар выставы Анджэй Вока. — Затым уладкоўваем выставу, дзе прадстаўлены ўсе без выключэння батлейкі. Некаторыя працы музей купляе. У Гродне прадстаўлены найлепшыя экспанаты з фондаў Кракаўскага гістарычнага музея.