Аварыя адбылася на скрыжаванні вуліцы Антонава і праспекта Касманаўтаў. Пацярпелых няма, парадзіху да медыкаў даставіла іншая брыгада, піша «Гродзенская праўда».

Машына «хуткай» рухалася па вуліцы Антонава ў бок праспекта Касманаўтаў. Як сцвярджаюць відавочцы, маячкі і гукавы сігнал былі ўключаны. Кіроўца «Фіят» рухаўся па праспекце Касманаўтаў у бок аўтавакзала. Машына ўрэзалася ў карэту «хуткай», з-за чаго ў аўтамабіля скамячаны бок, і спушчанае кола.

— Я рухаўся па галоўнай дарозе, на зялёны сігнал святлафора. «Хуткую», на жаль, не заўважыў. Гукавы сігнал таксама не чуў. Калі б я заўважыў экіпаж, то, вядома, спыніўся б, — распавёў кіроўца «Фіят» карэспандэнту «Гродзенская праўды».

У сваю чаргу кіроўца хуткай медыцынскай дапамогі, пацвярджае словы відавочцаў пра тое, што ўсе сігналы былі ўключаны.

— Машына хуткай дапамогі перавозіла 23-гадовую жыхарку горада Слоніма для далейшай шпіталізацыі ў абласным перынатальным цэнтры. У раёне аўтавакзала адбылося сутыкненне з легкавым аўтамабілем. Паводле слоў жанчыны, яна нават не адчула ўдар. Больш за тое, ніякіх траўмаў не атрымала. Пагроз для цяжарнасці няма. Будучая мама адчувае сябе добра, — распавёў галоўны ўрач абласнога клінічнага перынатальнага цэнтра Уладзімір Звярко.

Галоўны лекар падкрэсліў, што жанчыну шпіталізавалі не з прычыны родаў, а ў сувязі з ускладненнем цяжарнасці. Медыкі мяркуюць, што яна застанецца ў радзільні да з’яўлення маляняці на свет.