16 студзеня, а 19:00 сучасныя гродзенцы пачуюць пра 16 гісторый гродзенцаў-старажылаў - якім быў іх, даўні Гродна, якога мы ўжо не пабачым. Вядомы многім журналіст-раварыст Руслан Кулевіч выдаў кнігу, складзеную з успамінаў жыхароў горада, чыё дзяцінства і маладосць прайшлі ў 1930−40-я. Прэзентацыя кнігі, сустрэча з аўтарам і героямі адбудзецца ў «Цэнтры гарадскога жыцця» (Кірава, 3). Там жа можна будзе набыць кнігу.
Гэтае пакаленне — апошнія сведкі горада, які змяніўся назаўсёды. У кнізе змешчаныя 16 гісторый-успамінаў і больш за 30 старых фотаздымкаў з прыватных архіваў гродзенцаў. На іх можна пабачыць даўнія краявіды, старую моду, гарадскую штодзённасць падчас некалькіх акупацый Гродна рознымі ўладамі.
Больш за год журналіст Hrodna.life Руслан Кулевіч збіраў успаміны пажылых гродзенцаў, чыё дзяцінства і маладосць прайшлі ў міжваенны перыяд і ў час Другой сусветнай вайны. З гэтых размоў паўстаў цыкл артыкулаў, а цяпер і папяровае выданне. Усе запісы размоў прайшлі рэдактуру, каб выявіць самае цікавае і ў даступнай форме, зразумелай нават не для спецыялістаў, паказаць вобразы даўняга Гродна.Гэта кніга — адна з апошніх спробаў захаваць успаміны пра горад даваенных часоў і гадоў акупацыі. Герояў, якія маглі б пра тыя падзеі расказаць, робіцца ўсё менш. Не выключана, што ўжо праз год-два такую ж кнігу напісаць не атрымаецца.