Паштоўкі ад цара, іспанскі крыж і дзённік з малюнкамі: што можна ўбачыць на выставе сям’і Чарнышовых

У Музеі гісторыі рэлігіі з 8 студзеня адкрылася выстава, на якой можна ўбачыць рэчы і багаты фотаархіў гродзенскай сям’і Чарнышовых. Гэта фотаздымкі і рэчы з жыцця Гродна і гродзенцаў пачатку і сярэдзіны 20 стагоддзя.

Выставу прадстаўляе Таццяна Чарнышова, якая сёння жыве ў Брэсце, але не забывае пра свае гродзенскія карані. На працягу некалькіх гадоў жанчына прасіла сваю маці Веру Фёдараўну Чарнышову (1928 г.н.) запісваць успаміны з дзяцінства. Жанчына дагэтуль жыве ў Гродне. Чарнышовы рыхтуюць да выхаду кнігу з гісторыяй сваёй сям’і.

Адну гісторыю з дзяцінства Веры Фёдараўны мы ўжо публікавалі. А некалькі гадоў таму пажылая жанчына запісала і намалявала ўсё, што памятае пра Тэлеграфную вуліцу, ранейшую Басняцкую, дзе жыла спачатку ў доме №2, пазней – у доме №18. На рагу Тэлеграфнай і Ажэшкі, дзе цяпер скверык, да 1941 г. стаялі чатыры дамы, у тым ліку і маленькі рэстаранчык «Зацішша». Дзве бомбы знішчылі і дамы, і людзей. Хто выжыў – перасяліўся хто куды. У доме цудам ацалела скрыня з фотаздымкамі і дакументамі.

Паштоўкі ад цара

У 1914 годзе падчас прыезду цара Мікалая II у Гродна дзядуля Таццяны Чарнышовай апынуўся сярод шчасліўчыкаў, якія атрымалі падарункі ад цара і яго жонкі. Дзед стаяў на Ажэшкі, калі цар са сваёй світай праходзіў па вуліцы і раздаваў свае фатаграфіі. У сям’і партрэты захоўваліся ў таемным месцы і толькі перад смерцю дзед перадаў іх Таццяне. Яны былі загорнуты ў газету з артыкулам пра Сталіна.

Паштоўкі ад цара, іспанскі крыж і дзённік з малюнкамі: што можна ўбачыць на выставе сям'і Чарнышовых

Дзённік і малюнкі

Падчас нямецкай акупацыі мама Тацяны Вера Фёдараўна вяла дзённік. Дзякуючы яму можна даведацца, што адбывалася ў Гродне і ваколіцах падчас вайны – з пункту гледжання маладой дзяўчыны. Па просьбе Таццяны мама да дзённіка дадала малюнкі. Сярод іх – разбураны дом сям’і на Басняцкай. Сёння гэта адзінае сведчанне, як выглядала забудова на старой вуліцы.

Паштоўкі ад цара, іспанскі крыж і дзённік з малюнкамі: што можна ўбачыць на выставе сям'і Чарнышовых

Прыгажуні падчас вайны

На выставе Таццяна прадставіла і здымак гродзенскіх прыгажунь падчас нямецкай акупацыі. На ім усе дзяўчаты ў прыгожых строях і шаўковых панчохах. І гэта ў час вайны! Па ўспамінах Веры Чарнышовай, дзяўчаты збіраліся ў кватэрах на “прываткі” (закрытыя вечарыны). Сярод самых прыгожых дзяўчат пачатку 1940-х была Ванда Чапская. Па ўспамінах мамы Таццяны, калі гэтая дзяўчына ішла па горадзе, спыняліся ўсе людзі.

Паштоўкі ад цара, іспанскі крыж і дзённік з малюнкамі: што можна ўбачыць на выставе сям'і Чарнышовых

Яўрэйская кіпа

У сям’і Чарнышовых захоўваецца незвычайная яўрэйская рэч. Толькі нядаўна жанчына зразумела, што прыгожая тканіна сярод старых сямейных рэчаў гэта яўрэйская кіпа – галаўны ўбор. Таццяна думае, што гэтую рэч набыў яе дзед у яўрэйскіх крамах у даваенныя гады. Магчыма, яна была набытая ў краме Цухнэса, каля дома Мураўёва. Гэта месца часта ўспамінаў дзед.

Паштоўкі ад цара, іспанскі крыж і дзённік з малюнкамі: што можна ўбачыць на выставе сям'і Чарнышовых

Іспанскі крыж

Падчас нямецкай акупацыі ў Гродне знаходзілася іспанская дывізія. Па ўспамінах Веры Фёдараўны, не ўсе іспанцы хацелі ваяваць. Аднойчы невысокі чарнявы хлопчык забег да іх і папрасіў схавацца. Дрыжачага салдата схавалі і перад выхадам, у знак падзякі, ён зрэзаў з шыі драўляны крыж з нацыянальнай іспанскай стужкай і пакінуў сям’і. Сам іспанец пайшоў у партызаны.

Паштоўкі ад цара, іспанскі крыж і дзённік з малюнкамі: што можна ўбачыць на выставе сям'і Чарнышовых

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Звяртайцеся info@hrodna.life

Каментары