Фатаграфіі з поні, што бегалі па цэнтры Гродна, бачылі ў сацыяльных сетках многія, але чые жывёлы — ніхто не мог сказаць. Да вечара поні з’явіліся ўжо на прывязі на плошчы Леніна разам з гаспадарамі. Тыя распавялі, як так атрымалася, што жывёлы паспелі самастойна пабегаць па вуліцах Гродна і здзівіць гараджан.

Аказваецца, поні Гоша і Ліна прыехалі ў Гродна з Віцебска і ўжо трэці тыдзень катаюць на плошчы Леніна гараджан. Жывуць жывёлы ў хляве недалёка ад цэнтра горада. Увечары ў аўторак 8 студзеня поні нечакана выбілі ў хляве дзверы і пайшлі шпацыраваць па горадзе.

«Прыйшлі да адрыны, а дзверы адчыненыя, — распавядае працаўнік пракату поні. — Спалохаліся і пайшлі па слядах шукаць жывёл. Колькі мы сюды ездзім — упершыню такі выпадак. Беглі за імі і ў людзей пыталі. Злавілі толькі на Ажэшкі, ля моста. Прымусілі яны нас пабегаць.

Вядома, хваляваліся, бо яны маглі і машыны пабіць і людзей спалохаць. Але ўсё абышлося. А так поні нашыя прыязныя".

Работнікі пракату распавялі, што жывёл не каралі. Завялі да адрыны, напаілі, накармілі і адправіліся працаваць.

Поні Гоша і Ліна ўцяклі пашпацыраваць па цэнтры Гродна

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life