Інвестыцыйныя праекты стануць часткай магутных мэблевага і лагістычнага кластараў у СЭЗ «Гроднаінвест». Дзякуючы ім з’явіцца каля 380 новых працоўных месцаў, піша «Вячэрні Гродна».

Кантэйнерны тэрмінал у Брузгах

Лагістычны комплекс, арыентаваны на абслугоўванне чыгуначнай тавараплыні паміж Еўропай і Азіяй, пабудуе ТАА «ЗахадТрансМяжа», якое стала рэзідэнтам гарадзенскай СЭЗ. Тэрмінал будзе спецыялізавацца на перагрузцы кантэйнераў з шырокай каляіны на вузкую, «еўрапейскую». Магчымасці комплексу дазволяць захоўваць як гружаныя, гэтак і пустыя кантэйнеры проста пад небам ці на складах. Магчыма і перагрузка на аўтатранспарт. 70% паслуг тэрмінала будуць экспартаарыентаванымі.

Агульная сума праекта — 15 млн даляраў. Колькасць новых працоўных месцаў — 80.

— Гэта ўжо чацвёрты наш рэзідэнт у сферы лагістыкі, зарэгістраваны ў 2018 годзе. Усе кампаніі — удзельнікі праекта па стварэнні мультымадальнага цэнтра лагістыкі на мяжы Еўрапейскага і Еўразійскага эканамічнага звязаў. Гэта толькі пацвярджае высокую зацікаўленасць фундатараў у стварэнні ў нас нашага лагістычнага кластара, — дадаў нампеснік кіраўніка адміністрацыі СЭЗ «Гроднаінвест» Зміцер Ражкоў.

Мэблевая фабрыка пад Смаргонню

ТАА «Шынака Мэбля Бел» зарэгістравалася ў якасці рэзідэнта вольнай эканамічнай зоны і гатова рэалізаваць праект будавання сучаснай мэблевай вытворчасці. Фундатар — вядомая польская група кампаній Szynaka.

Фабрыку пабудуюць у Смаргонскім раёне. Паблізу новай вытворчасці знаходзіцца гігант дрэваапрацоўкі СТАА «Кроноспан», і запланавана, што гэта паскорыць і спросціць пастаўкі сыравіны.

Такая кааперацыя паміж прадпрыемствамі дазволіць выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю з высокім дадатковым коштам, адзначыў Зміцер Ражкоў.

Фабрыка будзе выпускаць гасціныя, сталовыя, спальні, дзіцячыя пакоі, кабінеты — мэблю розных коштавых катэгорый ад эканом-класа да прэміум. Каля 80% будзе экспартавацца. Аб’ём інвестыцый — 10 млн еўра. Запатрабуецца стварыць больш за 300 працоўных месцаў.