Да пачатку 2019 года відэаназіраннем абсталююць харчаблокі ўстаноў агульнай і сярэдняй адукацыі Гродзенскай вобласці. Таксама да 1 студзеня 2019 года ўстановы адукацыі павінны перайсці на электроннае меню і безнаяўны разлік за харчаванне, піша БЕЛТА.
Відэакамеры ў харчблоках дазволяць яшчэ больш эфектыўна процідзейнічаць крадзяжам прадуктаў, а таксама падвысяць дысцыпліну працаўнікоў, кажа на пасяджэнні міжведамаснага савета па арганізацыі харчавання ва ўстановах адукацыі рэгіёну паведаміла першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Галіна Курганская.
— Пад наглядам апынецца працэс гатавання. Сёння таксама абмяркуем эфектыўнасць работы раённых міжведамасных камісій па кантролі за арганізацыяй харчавання. У мінулым годзе, напрыклад, да дысцыплінарнай адказнасці былі прыцягнутыя звыш 400 службовых асоб, больш за 40 кіраўнікоў. Каля 20 чалавек былі звольненыя, большасць з іх — за факты крадзяжу прадуктаў. У гэтым годзе часцей за ўсё выяўляліся парушэнні патрабаванняў санітарных норм, — распавяла Галіна Курганская. — Да ўсіх парушальнікаў у гэтым плане падыход прынцыповы: калі працаўнік не жадае выконваць патрабаванні, з ім растаюцца. Пытанні бяспекі пры арганізацыі харчавання дзяцей у рэгіёне заўсёды былі на першым плане.
Яшчэ адной тэмай для абмеркавання стаў удзел мясцовых вытворцаў у арганізацыі харчавання дзяцей.
— Зараз пачынаецца новы фінансавы год. Установы адукацыі будуць шчыльна працаваць над закупкамі. Мы хочам, каб прадпрыемствы рэгіёну больш актыўна ўдзельнічалі ў гэтых працэдурах. З 28 вытворцаў Гродзенскай вобласці ў аўкцыёнах у 2018 годзе паўдзельнічала толькі 8, — адзначыла Галіна Курганская. — Многія з прадпрыемстваў, выпускаючы прадукцыю добрай якасці, абмяжоўваюцца толькі пастаўкамі на тэрыторыі раёна, дзе яны размешчаны. Часта на таргах выйграюць пасярэднікі, а гэта наўпрост адбіваецца на кошце прадукцыі. Такую тэндэнцыю ў Гродзенскай вобласці маюць намер змяніць.