Сярод аварый адна з удзелам маршрутнага таксі, дзе пацярпела пасажырка, а таксама тры з удзелам пешаходаў. Да ўскладнення сітуацыі на дарогах прывялі снегапады, піша «Гродзенская праўда».

ДТЗ з удзелам маршруткі адбылося на вуліцы Перамогі. Маршрутка рухалася з боку кальцавой развязкі ў напрамку вуліцы Перамогі, а кіроўца легкавушкі паварочваў налева на вуліцу Арджанікідзэ. Аўтамабілі сутыкнуліся, маршрутку вынесла на абочыну. У яе салоне знаходзіліся 12 пасажыраў. У выніку трое з іх звярнуліся па медыцынскую дапамогу, адну пасажырку шпіталізавалі.

Колькасць аварый паменшылася ў параўнанні ў панядзелкам

Моцныя снегапады засыпалі і тратуары, і праезную частку. Камунальнікі не заўсёды спраўляліся з расчысткай, а аўтамабілісты не змаглі хутка змяніць манеру кіравання. І ўсё ж колькасць здарэнняў зменшылася ў параўнанні з панядзелкам.

— Сітуацыя на дарогах стабілізавалася, у параўнанні з папярэднімі суткамі колькасць аварый знізілася. Па большай частцы кіроўцы губляюць пільнасць і няправільна ацэньваюць стан дарогі. У такое надвор’е адзін няправільны рух можа прывесці да аварыі. Для больш бяспечнага руху неабходна ўключыць блізкае святло фар або супрацьтуманныя фары, — кажуць у ДАІ УУС аблвыканкама.

Трымайце дыстанцыю і памяняйце гуму

Большая частка аварый адбываецца з-за невытрымання дыстанцыі кіроўцамі, таму ў ДАІ раяць павялічыць яе ў 2−3 разы. Варта пазбягаць рэзкіх манеўраў і ні ў якім разе не выязджаць на дарогу з летняй гумай.

У такое надвор’е супрацоўнікі ДАІ працуюць ва ўзмоцненым рэжыме: суправаджаюць спецтэхніку, патрулююць дарогі і гатовыя аказаць дапамогу кіроўцам, якія апынуліся ў цяжкай сітуацыі. Таксама ДАІ просіць вадзіцеляў паркаваць аўтамабілі так, каб яны не перашкаджалі ўборцы снегу.

Прыбяруць не толькі дарогі, але і прыпынкі

Генеральны дырэктар гарадской ЖКГ Дзмітрый Савашэвіч распавёў «Вячэрняму Гродна», што ў ноч з панядзелка на аўторак уборкай снегу займаліся пяць брыгад грузавікоў і трактароў. Акрамя гэтага, на дарогах працавалі больш за 400 супрацоўнікаў УЖРЭП Кастрычніцкага і Ленінскага раёнаў горада, а таксама 26 адзінак тэхнікі гэтых прадпрыемстваў. Акрамя гэтага, на ўборцы снегу задзейнічана 130 чалавек і 27 адзінак транспарту «Спецаўтагаспадарка».

Мечыслаў Гой даручыў надаць увагу ўборцы снегу на прыпынках грамадскага транспарту, паркоўках і стаянках.