Андрэй Мармыш заняў трэцяе месца на кантынентальным турніры, які на выходных завяршыўся ў балгарскай Варне, піша «Вячэрні Гродна».

Баец выступаў у вагавай катэгорыі 75 кг. У першай сутычцы Андрэй выйграў бой накаўтам у грэчаскага спартсмена ударам у печань, а ў паўфінале саступіў па рашэнні суддзяў дзеючаму чэмпіёну Еўропы Дзімітару Дзімітраву.

Андрэй Мармыш з’яўляецца выхаванцам гродзенскай школы кёкусінкай і клуба «Сайха Профф». Трэніруецца пад кіраўніцтвам Яўгена Касачука. Зараз Андрэй Мармыш не толькі выступае на спаборніцтвах як спартсмен, але і трэніруе маладых каратыстаў.

Дарэчы, усяго ў шостым першынстве свету Сусветнага саюза кёкусін (KWU) прынялі ўдзел пяць спартсменаў з Гродна, якіх да спаборніцтваў рыхтавалі трэнеры Андрэй Мармыш і Яўген Касачук. Акрамя гэтага, наш рэгіён прадстаўлялі шасцёра лідскіх каратыстаў.

Яўген Касачук прыняў удзел у судзействе спаборніцтваў, атрымаўшы запрашэнне, як афіцыйны суддзя другога чэмпіянату Еўропы і шостага першынства свету KWU.