Прататып апарата па вырабе цукровай ваты сабралі гімназісты з Гродзенскай гарадской гімназіі Уладзіслаў Вайнеловіч і Кірыл Мароз. Яны паказалі яго 24 лістапада на ІнвестУікэндзе. Праект узяў прызавое месца і пакінуў прыемнае ўражанне ў гледачоў і членаў журы.

Апарат па вырабе цукровай ваты — не навіна для Гродна, але для падлеткаў гэта крок у свет вынаходніцтваў. Ідэя стварыць яго з’явілася ў гімназістаў разам з выкладчыцай чарчэння і працы Святланай Аляшкевіч.

«Збудавалі апарат з падручных сродкаў. Калі мы яго стваралі, хлопцы вучыліся яшчэ ў дзявятым класе, а ў дзясяты пайшлі ў фізіка-матэматычны клас. Такія працы ў падлеткавым узросце гэта добрыя пачынанні», — распавяла Святлана Аляшкевіч.

"Накармілі ўвесь клас". У Гродне гімназісты сабралі ўласны апарат для цукровай ваты
Першы апарат гімназістаў па вырабе цукровай ваты
Гімназісты пакуль зрабілі апарат для ўласнага карыстання, але пры тэставанні змаглі накарміць увесь клас. Патрацілі яны ўсяго 25 рублёў.

«Калі ёсць усе матэрыялы, сабраць апарат можна за дзве гадзiны, — распавядае Уладзіслаў Вайнеловіч. — Патрэбен звычайны рухавік ад якога-небудзь фена, кансервавая бляшанка і самая дарагая рэч — гарэлка за 19 рублёў. Магу смела сказаць, што наша вынаходніцтва пераўзыходзіць любы кітайскі апарат па прадукцыйнасці і цане. Наша распрацоўка бяспечная, а калі нешта ламаецца, то ўсё хутка замяняецца, чаго не скажаш пра кітайскі апарат».

Каб наматаць вялікую порцыю цукровай ваты трэба некалькі хвілін. Калі ўсталяваць матор мацней, то і хуткасць павялічыцца.

«Такі апарат лёгка паўтарыць у хатніх умовах, але мы не чулі, каб хтосьці рабіў такое ў Беларусі. Тыя, хто займаецца цукровай ватай, заказваюць апараты з Кітая. Мы маглі б з металу зрабіць штосьці падобнае і нават выставіць на продаж: наша распрацоўка не каштавала б вялікіх грошай. З такім апаратам кожны ў хатніх умовах мог бы рыхтаваць салодкую вату і радаваць родных».

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life