Прататып апарата па вырабе цукровай ваты сабралі гімназісты з Гродзенскай гарадской гімназіі Уладзіслаў Вайнеловіч і Кірыл Мароз. Яны паказалі яго 24 лістапада на ІнвестУікэндзе. Праект узяў прызавое месца і пакінуў прыемнае ўражанне ў гледачоў і членаў журы.
Апарат па вырабе цукровай ваты — не навіна для Гродна, але для падлеткаў гэта крок у свет вынаходніцтваў. Ідэя стварыць яго з’явілася ў гімназістаў разам з выкладчыцай чарчэння і працы Святланай Аляшкевіч.
«Збудавалі апарат з падручных сродкаў. Калі мы яго стваралі, хлопцы вучыліся яшчэ ў дзявятым класе, а ў дзясяты пайшлі ў фізіка-матэматычны клас. Такія працы ў падлеткавым узросце гэта добрыя пачынанні», — распавяла Святлана Аляшкевіч.
«Калі ёсць усе матэрыялы, сабраць апарат можна за дзве гадзiны, — распавядае Уладзіслаў Вайнеловіч. — Патрэбен звычайны рухавік ад якога-небудзь фена, кансервавая бляшанка і самая дарагая рэч — гарэлка за 19 рублёў. Магу смела сказаць, што наша вынаходніцтва пераўзыходзіць любы кітайскі апарат па прадукцыйнасці і цане. Наша распрацоўка бяспечная, а калі нешта ламаецца, то ўсё хутка замяняецца, чаго не скажаш пра кітайскі апарат».
Каб наматаць вялікую порцыю цукровай ваты трэба некалькі хвілін. Калі ўсталяваць матор мацней, то і хуткасць павялічыцца.
«Такі апарат лёгка паўтарыць у хатніх умовах, але мы не чулі, каб хтосьці рабіў такое ў Беларусі. Тыя, хто займаецца цукровай ватай, заказваюць апараты з Кітая. Мы маглі б з металу зрабіць штосьці падобнае і нават выставіць на продаж: наша распрацоўка не каштавала б вялікіх грошай. З такім апаратам кожны ў хатніх умовах мог бы рыхтаваць салодкую вату і радаваць родных».