Пачала працу пускарэзервавая кацельня энергаблока № 1 Беларускай АЭС, паведамляе БелТА.
Усе чатыры паравыя электродныя катлы, размешчаныя ў будынку пускарэзервавай кацельні (ПРК), выведзеныя на 20% праектнай магутнасці. Гэта дазволіла пачаць выпрацоўванне насычанай пары для тэхналагічных патрэб АЭС, у тым ліку для падачы пары ў ацяпляльныя сістэмы памяшканняў дапаможных аб’ектаў пускавога комплексу энергаблока № 1 Беларускай АЭС. Па меры гатоўнасці ацяпляльных сістэм да ПРК далучаць усе аб’екты энергаблока.
«Пачатак працы ПРК дазваляе забяспечыць аптымальны тэмпературны рэжым для бесперабойнага вядзення будаўнічых, мантажных і пусканаладкавых працаў на ўсіх аб’ектах пускавога комплексу першага энергаблока ў зімовы перыяд», — адзначыў віцэ-прэзідэнт — дырэктар праекта па збудаванні Беларускай АЭС АТ ІЧ «АСЭ» Віталь Палянін.На этапе збудавання атамных энергаблокаў пара ПРК выкарыстоўваецца пры правядзенні найважнейшых пусканаладкавых аперацый: гарачай абкаткі рэактарнай устаноўкі і спробавага набору вакууму ў кандэнсатары турбіны. Падчас эксплуатацыі абсталяванне кацельні задзейнічана ў планава-папераджальных рамонтах, а таксама забяспечвае бяспечную працу энергаблока ў выпадку аварыйнага адключэння.
Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт будуецца па расійскім праекце паблізу Астраўца. Першы энергаблок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2019 годзе, другі - у 2020 годзе. Першая пастаўка ядзернага паліва на станцыю запланавана да канца 2018 года.