З уводам у строй БелАЭС будуць змяншаць кошт электраэнергіі для прадпрыемстваў, а для насельніцтва — павышаць, заявіў віцэ-прэм'ер рэспублікі Уладзімір Сямашка ў інтэрв'ю газеце «Астравецкая праўда». Так беларусы будуць адыходзіць ад перакрыжаванага субсідзіравання.

— У Беларусі сёння самы нізкі тарыф на электраэнергію для насельніцтва. На Захадзе насельніцтва плаціць за электраэнергію ў два-тры разы больш, чым прамысловыя прадпрыемствы, — сказаў Сямашка.

Ён таксама прывёў прыклад: у Германіі прамысловыя прадпрыемствы плацяць за кілават-гадзіну каля 8,5 цэнта, а простыя грамадзяне — 27 цэнтаў. У той жа час у Беларусі склалася іншая сітуацыя: для ААТ «МАЗ» кілават-гадзіну абыходзіцца ў 11,5 цэнта, а насельніцтву — 5 цэнтаў. «Таму тарыф для насельніцтва паступова будзе падымацца — вядома ж, не абы-як, а па меры росту рэальнай заработнай платы», — удакладніў Сямашка.

Па словах чыноўніка, цяпер насельніцтва плаціць за электраэнергію каля 80% яе сабекошту, а павінна аплачваць яе рэальны кошт. Пры гэтым у мінулым годзе ў Мінэнерга заяўлялі, што з уводам БелАЭС тарыфы на электраэнергію для насельніцтва будуць зніжаны.

БелАЭС будуецца каля мястэчка Астравец ў Гродзенскай вобласці. Ўзвядзенне станцыі вядзецца пры ўдзеле спецыялістаў з РФ. Усяго будзе пабудавана два энергаблокі па расейскім праекце сумарнай магутнасцю да 2400 мегават. Першы энергаблок плануецца ўвесці ў строй у 2019 годзе, другі - праз год.