Гродзенскі актывіст Анатоль Мышкевіч мусіць заплаціць 343 рублі за акцыю, прысвечаную зніклым амаль 20 гадоў таму беларускім палітыкам. Такое рашэнне прыняў суд Ленінскага раёну Гродна 15 кастрычніка, піша «Радыё С**бода».
Паводле рашэння суду, Анатоль Мышкевіч парушыў парадак правядзення масавых мерапрыемстваў (артыкул 23.34 Кодэксу аб адміністратыўных парушэннях Беларусі) і мусіць заплаціць штраф у 14 базавых велічыняў.
16 верасня Мышкевіч правёў у Гродне адзіночную акцыю: наклеіў на сцяну аднаго з дамоў плакат са здымкамі зніклых у 1999−2000 гадах палітыкаў: былога кіраўніка МУС Юрыя Захаранкі, выканаўцы абавязкаў старшыні Вярхоўнага Савету Віктара Ганчара, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага і журналіста Дзмітрыя Завадскага.
Актывіст сваёй віны не прызнаў. Але абскарджваць рашэнне суду не будзе, бо ня бачыць сэнсу.
«Не бачу нічога кепскага ў тым, каб памятаць гэтых людзей. Гэтак жа думае, пэўна, і 90 адсоткаў беларусаў. Многія мне казалі, што добра, калі хоць нехта іх узгадвае», — пракаментаваў Анатоль Мышкевіч.