З 1 лістапада 2018 з былога ДК Тэкстыльшчыкаў у цэнтры Гродна сталі высяляць арганізацыі і калектывы. Нагодай для імгненнага перасялення паслужыла прадпісанне пажарных: будынак аварыйны, адсутнічаюць некаторыя элементы, неабходныя пры эвакуацыі.

Пра тое, што будынак неўзабаве могуць пачаць рэканструяваць, на нядаўняй нарадзе па развіцці турызму заявіў старшыня аблвыканкама Уладзімір Краўцоў. Ён даручыў да канца года распрацаваць праект аднаўлення палаца. Краўцоў хоча, каб у маі 2020 года палац у абноўленым выглядзе сустракаў гасцей чарговага Фестывалю нацыянальных культур.

Пытанне рэканструкцыі будынка наспела даўно і перыядычна паднімалася ў СМІ з 2011 года. Будаўнічыя работы пастаянна адкладаліся — трэба было скончыць іншыя маштабныя будоўлі ў горадзе.

Пасля рэканструкцыі былы палац культуры тэкстыльшчыкаў можа ператварыцца ў Дом культуры, адпачынку і вольнага часу.
Праект рэканструкцыі будынка павінен прадугледжваць максімальнае захаванне вонкавага аблічча будынка ў стылі 50−60-х гадоў 20 стагоддзя.

[irp posts="83 500″ name="Сквер за «тэкстылямі» перажывае апошнюю восень: там пабудуюць офісны цэнтр. Што думаюць гродзенцы?"]

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life