Проста так купіць дом купца Мураўёва ў цэнтры Гродна складана – ім валодае прыватны страхавы фонд, які некалькі гадоў таму страціў ліцэнзію і спыніў дзейнасць. Але з’явіўся новы патэнцыйны інвестар. Пра гэта стала вядома падчас грамадскага абмеркавання экалагічнага дакладу па новым генплане Гродна. Сустрэча праходзіла ў чацвер 1 лістапада.
Пра магчымага інвестара распавёў старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой. Ён адзначыў, што да яго ў кастрычніку звярнуўся інвестар, які хоча размясціць у даўно пустуючым доме гасцініцу.
«Літаральна два тыдні таму быў у мяне адзін паважаны чалавек, які распавёў, што хоча з Дома купца Мураўёва зрабіць гасцініцу, –
распавядае Мечыслаў Гой. – Задача ўлады – звесці сённяшняга ўладальніка будынка і новага інвестара, каб яны здолелі дамовіцца. Калі гэтага не здарыцца, будзем скасоўваць дамову з арганізацыяй і канфіскоўваць аб’ект. Гэтае пытанне ўздымалі на пасяджэнні ў губернатара. Так, гэта можа не зусім добра для ўлады, але са старым будынкам так рабіць нельга».
Меркаваным інвестарам для старога будынка можа быць бізнесмэн Станіслаў Сямашка. Ён ужо праяўляў цікавасць да дома купца Мураўёва і раней, але не мог яго купіць, бо займаўся рэканструкцыяй суседняга будынка. Ужо ў лістападзе 2018 Сямашка плануе здаць свой аб’ект на Калючынскай, 23. Там, акрамя гасцініцы на 50 месцаў, размесцяцца рэстаран каўказскай кухні і вядомая турыстычная кампанія.
Даведка
Дом купца Мурьвьева прастойвае ў цэнтры Гродна ўжо каля 25 гадоў. У сярэдзіне 1990-х будынак прадалі фірме “Пульс”, але замест рэканструкцыі будынак проста разрабавалі. Ніхто з чыноўнікаў і бізнесменаў не быў пакараны, хоць крымінальная справа распачыналася.
У 2005 годзе будынак купіў “Беларускі народны пенсійны фонд” з мэтай адкрыць там гасцініцу. Пазней гэтая арганізацыя была перайменаваная ў «Мега поліс». У 2014 годзе арганізацыю пазбавілі ліцэнзіі на страхавую дзейнасць. Усе дамовы «Мега поліса» перайшлі да дзяржаўнага прадпрыемства «Стравіта».
За мінулыя ад куплі будынка 13 гадоў інвестар адрамантаваў толькі фасад і дах – у 2012 годзе.


