Як прааналізавалі ва ўпраўленні ДАІ УУС аблвыканкама, у бягучым годзе кіроўцы маршрутак і аўтобусаў 340 раз прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне ПДР. У кожным трэцім выпадку гэта было перавышэнне хуткаснага рэжыму на трасе. У тройцы месцаў таксама парушэнні правілаў абгону, манеўравання, праезду скрыжаванняў і пешаходных пераходаў і неналежны тэхнічны стан транспартнага сродку, піша «Гродзенская праўда».

На тэрыторыі вобласці ў гэтым годзе за перавышэнне хуткасці, якое зафіксавалі камеры фотафіксацыі, прыцягнута звыш 440 вадзіцеляў.

У ДАІ прапаноўваюць вымяраць хуткасць руху іншымі спосабамі. Напрыклад, абмеркаваць пытанне аб укараненні новых комплексаў фіксацыі хуткасці руху, у прыватнасці па кантролі сярэдняй хуткасці на ўчастку дарогі.

— Такі спосаб дазваляе фіксаваць, з якой хуткасцю аўтамабіль рухаўся на пэўным участку дарогі. «Адкруціцца» ад штрафу пры такім кантролі будзе немагчыма — прынцып, калі ліхачы скідалі хуткасць канкрэтна перад камерамі і пазбягалі пакарання, працаваць не будзе. Гэта прымусіць кіроўцаў выконваць хуткасць і забяспечыць бяспеку руху на працяглым участку аўтадарогі, — распавёў начальнік упраўлення ДАІ УУС аблвыканкама Уладзімір Назарка.

Акрамя таго, у ДАІ лічаць, што эфектыўнай мерай уздзеяння стане і пазбаўленне правоў за перавышэнне хуткасці, зафіксаванае камерамі аўтаматычнай фотафіксацыі, усталяванымі на трасе. Зараз за паўторнае перавышэнне хуткаснага рэжыму кіроўца пазбаўляецца правоў, толькі калі парушэнне зафіксаваў інспектар ДПС. Мера дысцыплінуе кіроўцаў. А вось за аналагічнае правапарушэнне, зафіксаванае камерай фотафіксацыі, кіроўца абмяжоўваецца штрафам. Ніякай дадатковай адказнасці за паўторныя парушэнні не прадугледжана. Сітуацыі жа нічым не адрозніваюцца і нясуць аднолькавую небяспеку для ўсіх удзельнікаў дарожнага руху. Адказнасць павінна быць аднолькавая і для тых, каго спыніў інспектар ДАІ, і тых, каго сфатаграфаваў прыбор, лічаць у ДАІ.

Інспектары ДАІ таксама заклікаюць пасажыраў да супрацоўніцтва. Відавочнае перавышэнне хуткасці, размовы па тэлефоне падчас руху і іншыя факты, якія нясуць пагрозу жыццю людзей, павінны адразу стаць вядомыя адпаведным службам. У ДАІ таксама нагадалі, што пасажыры маршрутных таксі павінны быць прышпіленыя рамнямі бяспекі пры іх наяўнасці, а кіроўца павінен пераканацца, што гэтае патрабаванне ПДР выканана.


Маршрутка «Мінск-Гродна» заехала ў бетонную агароджу на трасе М6. Папярэдне паведамляюць пра ахвяраў

На М6 чарговая аварыя: легкавік лоб у лоб сутыкнуўся з фурай. Ёсць пацярпелыя