Стась Карпаў - дызайнер і вядомы ў беларускім фэйсбуку блогер. Ён аматар падымаць халівар на вострыя тэмы і разнастаіць літаратурную мову матам. Сёлета блогер выдаў сваю першую кнігу вершаў «Канцылярыя розных спраў». З тае нагоды, што вершы ў Карпава з’яўляюцца рэдка, «па тры на год», у кнігу ўвайшлі практычна ўсе напісаныя творы. Блогер прадставіў кнігу гродзенцам 21 кастрычніка, на сустрэчы ў Цэнтры гарадскога жыцця.

«Прэзентацыю нельга доўга праводзіць, бо калі яна працягнецца больш за паўгадзіны, я магу паспець усе вершы з кніжкі прачытаць. І тады навошта яе купляць», — жартаваў Карпаў. Тым больш, па прызнанні аўтара, свае вершы ён чытае «гаўняна», а міньёна, каторы б чытаў лепш, з сабой не мае. Затое аўтар ахвотна расказваў пра здарэнні з жыцця, што потым сталі вершамі і гісторыю стварэння кнігі.

Блогер-мацершчыннік прадставіў у Гродне сваю кнігу вершаў

Як дайшоў да такога жыцця

Першы верш Стась напісаў у тры гады і па-руску. Беларускамоўныя літаратурныя спробы ён зрабіў у школьныя гады.

«Усе ў нейкі час пачынаюць пісаць вершы. Проста некаторым людзям шанцуе і яны перастаюць. Мне не пашанцавала.

У мяне быў вельмі добры настаўнік беларускай мовы. Я падкладваў яму па прынцыпе ананімнасці свае вершы на настаўніцкі стол, спадзяваўся што ен скажа: «Божа мой, што гэта за таленавіты хлопчык у нашым класе?» Ён чытаў і крывіўся. Гэта была трагедыя і мой шанец. Толькі праз пакуты можна сябе зразумець і стаць лепшым".

Вершы без назваў, зборнік без зместу

Па словах Карпава, на тое, каб сабраць вершы ў кнігу, яго натхнілі чытачы з фэйсбука і родныя. «Я выкладваў вершы, людзі чыталі, казалі - давай, пішы кніжку. Бацькі брат аднойчы нават падарылі мне грошы на кнігу, якія я спакойна прапіў. Зараз прыйшлося выдаваць за свае».

Блогер-мацершчыннік прадставіў у Гродне сваю кнігу вершаў

Вершы Карпава не маюць назваў. Меркаваннем аўтара — яны і не патрэбны. «Няма назваў, бо назва — гэта дадатковае намаганне. Калі напісаў верш, навошта прышываць да яго хер на лобе. Па мне, назва лішняя, яна не з’яўляецца часткай верша». Што да зместу зборніка, то зараз праз яго адсутнасць цяжка знайсці патрэбны верш. З іншага боку, «тут столькі вершаў, што можна наўгад адкрыць і патрапіць».

Бог і каханне

Карпаў называе сябе «злобным атэістам» і прызнаецца: «Богу ў маёй карціне свету месца мала». Тое, што звароты да бога з’яўляюцца ў вершах, тлумачыць проста: «Чалавеку патрэбен суразмоўца. І бог на гэтую ролю добра пасуе. Такі зручны вобраз».

Што да кахання — то пра яго вершаў амаль няма. «Бо пра каханне нічога новага нікому не скажаш».

Чаму «Канцылярыя…»

Назва кнігі адсылае да старажытнага Кітаю, дзе была канцылярыя асабліва важных спраў. Займалася яна тым, што «падсылала шлюх да патрэбных людзей і займалася бл*дкамі найвышэйшай асобы краіны». Пачуўшы ў адной разумнай перадычы пра гэту установу, Стась напісаў верш пра кадэбэшніка. Тады ж у галаве засела і назва будучай кнігі - «Канцылярыя розных спраў.» На вокладцы кнігі таксама выява той самай «канцылярыі».

Блогер-мацершчыннік прадставіў у Гродне сваю кнігу вершаў

Малюнкі ад таты

Мастацкае аздабленне кнігі зрабіў бацька Карпава. То бок, яго раннія малюнкі Стась некалі «стырыў», каб упрыгожыць свой пакой. Калі рабіў кнігу, вырашыў, што гэта якраз тое што трэба. Адмыслова да выдання папрасіў бацьку дамяляваць вокладку.

Паміж першай і другой…

«Яшчэ адну кнігу вершаў не накатаю. Бо пішу тры разы на год. На гэту кнігу збіраў гадоў 15», — распавёў Карпаў у канцы сустрэчы. Затое паабяцаў, што пачне пісаць прозу. То бок, ужо пачаў. Але электронны рукапіс, насуперак сцвярджэнням класікаў, згарэў разам з вінчэсцерам камп’ютара. Зараз трэба нанова запісаць і дапрацаваць сюжэт.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life