Група экспертаў з Міністэрства культуры Польшчы 22 кастрычніка прыехала ў Гродна, каб пазнаёміцца з працэсам рэканструкцыі Старога замка. Польскія спецыялісты адзначылі, што іх хвалюе лёс гісторыка-культурнай спадчыны ў каралеўскім горадзе. Яны гатовыя дапамагаць беларускім калегам даследаваннямі і кансультацыямі.
Эксперты прыехалі на чале з начальнікам аддзела Міністэрства культуры Польшчы па справах польскай культурнай спадчыны за мяжой Міхалам Міхальскім.
«Замак Баторыя з’яўляецца значным аб’ектам у агульнай культурнай спадчыне Беларусі і Польшчы, — распавядае Міхал Міхальскі. — Работы, якія зараз праводзіць беларускі бок, выклікаюць вялікую цікавасць у Польшчы: не толькі ў грамадскасці, але і ў СМІ. У Міністэрства культуры і спадчыны Польшчы з нагоды Старога замка звярталіся нават польскія парламентарыі, якія зацікаўлены працамі на гэтым аб’екце. Сёння ў нас ёсць магчымасць пазнаёміцца з праведзенымі працамі».Гасцей з Польшчы правялі на будаўнічую пляцоўку Старога замка і пазнаёмілі з працэсам работ. Заўчасных высноваў аб ходзе рэканструкцыі спецыялісты выказваць не спяшаліся.
«Разам з беларускімі калегамі мы маем магчымасць паглядзець, як праходзіць першы этап работ. Абменьваемся думкамі і вопытам.
Пасля гэтага сустрэча працягнецца ў праектным інстытуце. Там будзем намагацца прыйсці да нейкага агульнага меркавання. Мы, як польскі бок, вельмі адкрытыя да супрацоўніцтва і ўдзелу нашых экспертаў у даследчых кансультацыях», — дадаў польскі спецыяліст.
[irp posts="89 227″ name="Стары замак у Гродне — на першым месцы. МТС вызначыў самыя папулярныя турыстычныя аб’екты Беларусі мінулага лета"]Міхал Міхальскі адзначыў, што ў іх у краіне створаныя рэстаўрацыйныя прадпрыемствы, якое прыцягваецца на гістарычныя аб’екты. Там працуюць не проста будаўнікі, як у Беларусі, а высокакваліфікаваныя спецыялісты.
Варта адзначыць, што на працягу апошніх гадоў пры дапамозе Міністэрства культуры Польшчы ў Гродне былі праведзены розныя праекты: вялікі праект кансервацыі галоўнага алтара Фарнага касцёла, рамонтныя работы ў Бернардзінскім касцёле, зараз праводзіцца праект кансервацыі драўлянага лямуса.