Гродзенскі паэт і музыка Павел Салаўёў стаў лаўрэатам XXXII Адкрытага фестывалю аўтарскай песні, паэзіі і візуальнага мастацтва “Віцебскі лістапад”, што адбыўся 20 кастрычніка. Павел атрымаў першае месца сярод паэтаў у намінацыі “Гумар” і другое – у паэзіі на вольную тэматыку. У Гродне Паўла Салаўёва ведаюць як сябра Клуба арганізаваных бардаў, аднаго з арганізатараў фестывалю “Зялёны Гран-пры” і аўтара праекта “Музыка гродзенскіх вуліц”.
У сёлетнім фестывалі разам з прадстаўнікамі Беларусі ўдзельнічалі аўтары з Латвіі, Літвы, Эстоніі і Расіі. Гала-канцэрт фестывалю праходзіў у канцэртнай залі “Віцебск”. “Гэта тысячнік, усё па-даросламу”, – дзеліцца ўражаннямі Павел. Тым не менш, вольных месцаў у залі не засталося. “Людзей было шмат. Мяне гэта здзіўляе, але мабыць Віцебск у гэтым плане горад асаблівы. Тут людзі ходзяць слухаць паэзію, нават калі па білетах”.
Пераможным стаў верш Паўла “Гроб на колёсиках”. У яго аснове – гарадскі фальклор, добра знаёмая ўсім з дзіцячых гадоў страшылка.
Будь ты учителем, дворником, лётчиком –
Голос услышишь во мгле:
Девочка-девочка, гроб на колёсиках
Едет по нашей земле!
Срэбра ў паэзіі на вольную тэму прынёс верш “Яшчэ адна гарадская карцінка”.
Павел піша і выконвае вершы каля 10 гадоў. З яго словаў, шлях у паэзію і пачаўся з жонкі Таццяны. “Сам хадзіў на “Зялёнку” толькі як глядач. А Таццяна ў першы год свайго ўдзелу ў фестывалі стала лаўрэаткай. На наступны год я таксама прадставіў свае вершы і атрымаў дыплом”.
Толькі за апошні года агульны багаж творчай пары, акрамя “Віцебскага лiстапада”, папоўнілі перамогі на фестывалях “Інтэрэальнасць” у Кіеве, “Славянская ліра” ў Мінску, “Музыка сэрцаў” у Наваградку і “Сонечны” ў Кобрыне.
Таксама сёлета Павел паспрабаваў сябе як перакладчык. У праекце “Homo homini” Таццяна выконвала верш чэшскага барда Яраміра Нагавіцы “Прошласць” у перакладзе Паўла на беларускую.


