Больш за 200 сталых гродзенцаў і гродзенак сталі студэнтамі юбілейнага набору Універсітэта Залатога Веку. Яны не толькі сядуць за парты ў аўдыторыях, каб вучыць замежныя мовы, маляваць ці вывучаць гісторыю горада. Скандынаўская хада, гімнастыка, ёга, танцы і экскурсіі дабавяць руху ў студэнтскае жыццё. Сёлета іх чакае 50 навучальных курсаў і клубаў на любы густ. Навучальны год сталыя студэнткі і студэнты пачалі 4 кастрычніка са святочнага канцэрта. Павіншаваць іх прышлі навучэнцы музычнай школы № 2.

Па словах кіраўнічкі праграмы Ланы Руднік, за час існавання ўніверсітэт змяніў жыццё не толькі гродзенскіх пенсіянераў. Студэнты і выкладчыкі праводзілі таксама міжнародныя канферэнцыі і круглыя сталы, прысвечаныя актыўнай сталасці. Вітаўт Руднік, адзін з арганізатараў універсітэту, падкрэсліў, што сёлета пра стратэгію актыўнага даўгалецця пачулі і ў кіраўніцтве краіны. Неабходнасць яе стварэння агучыў міністр працы.

[irp posts="79 393″ name=""Мама, не тупі!" Чаму не трэба баяцца пенсіі, пакуль ёсць Універсітэт Залатога Веку"] Уласнымі вершамі прывітаў сёлетніх слухачоў УЗВ адзін з ганаровых студэнтаў, Іван Буднік.

«Мы доўга ў кватэрах глядзелі, як марна міналі гады

І ў марах на Кіпр мы ляцелі, пакінуць на пляжы сляд.

А тут у жыцці бліскавіцай з’явіўся ў нас век залаты

І ў душах надзея іскрыцца і ў душах няма ўжо слаты.

З кватэраў мы ў пошуку вышлі

Дзе гэты прываблівы госць?

Цікавасцю сэрцы забілісь, другая прышла маладосць!

«Няхай пакідаюць вас і на другі год! Гэта ў іншых універсітэтах кепска, а тут добра. Тут можна і на 10 гадоў заставацца», — запэўніў ганаровы студэнт.

Юныя музыкі ўпрыгожылі свята спевамі і музыкай.

Што з сябе ўяўляюць сёлетнія сталыя студэнты і чаму яны будуць вывучаць, глядзіце на інфаграфіцы:

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life