Гродзенка Наталля Шыла атрымала ўзнагароду за самую прыгожую ілюстрацыю на конкурсе “Новая дзіцячая кніга”. Вынікі IX сезона штогадовага конкурсу падвялі ў Маскве 27 верасня.
Наталля атрымала ўзнагароду за дызайн кнігі Юліі Бараноўскай “Драконы планеты Ус”.
“Наогул, гэты конкурс для пісьменнікаў. Але ў гэтым годзе арганізатары дадалі новы жанр для дызайнераў, – распавядае Наталля Шыла. – Трэба было зрабіць не толькі ілюстрацыю, але і макет з тэкстам. Зрабілі, даслалі і перамаглі. Для мяне гэта добры старт у гэтай сферы, а таксама штуршок заняцца ілюстрацыяй прафесійна. Перамога таксама дае магчымасць зрабіць ілюстрацыю для якой-небудзь новай кнігі”.
Кніга “Драконы планеты Ус” была прыдумана спецыяльна на конкурс “Новая дзіцячая кніга” і мае толькі тры развароты і вокладку. Магчыма, у будучыні аўтары кнігу дапрацуюць і апублікуюць.
Што гэта за конкурс?
“Новая дзіцячая кніга” гэта найбуйнейшы расійскі конкурс у галіне дзіцячай і юнацкай літаратуры, заснаваны выдавецтвам “Росмэн” у 2009 годзе. Сёлета арганізатары выбіралі лепшае выданне для дзяцей ад 6 да 10 гадоў, лепшы твор у жанры “Фэнтазі. Містыка. Трылер” і самую прыгожую ілюстрацыю/дызайн кнігі.
Аўтары работ, якія занялі першыя месцы ў сваіх намінацыях, атрымліваюць галоўны прыз – кантракт з выдавецтвам на выданне рукапісаў або прапанову папрацаваць над макетам будучай кнігі.






