Людзі і справы

Выкапалі! Бульба як медытацыя і сімвал жыцця

Гэта здараецца штогод. Ты стараешся пра гэта не думаць. Але адным восеньскім ранкам разумееш — час прыйшоў. Трэба капаць бульбу. Толькі бульба можа прымусіць беларусаў - мужную, гордую і незалежную нацыю — стаць ракам.

Бульба стаіць у цэнтры жыцця вяскоўцаў, як сонца ў цэнтры сонечнай сістэмы. Вясной бульбу садзяць, летам полюць, апрацоўваюць трактарам, труцяць караладскага жука (а то нам менш дастанецца), восенню капаюць. Самае цяжкае — зімой: трэба яе з’есці. Таму на стале з’яўляецца бульба вараная, жараная, печаная, пюрэшачкі, бабка, дранікі.

Капаць бульбу да свайкоў з’язджаюцца, здаецца, з усёй краіны. Перад бульбай роўныя і вясковыя, і гарадскія. Знаходзяцца нейкія штаны, якія выкарыстоўваюцца толькі для капання бульбы. Дастаюцца некалькі параў ботаў са склепу. І капаюць гарадскія не горш за мясцовых. Бо ўменне капаць бульбу — гэта нешта, што перадаецца на генетычным узроўні і ўпітваецца з малаком маці. Ці з першай пюрэшкай.

На полі вітаюцца словамі «Памажы Божа!». Бацька ўзгадвае, што калісьці бульбу капалі спецыяльнымі капачкамі. А ў інстытуце на цэлы месяц у межах добраахвотна-прымусовай працы пасылалі студэнтаў на палі. Зараз проста — выкапай свае дзесяць сотак за выходныя і ўсё. Святкуй дакопкі.

На бульбяных палях добра бачна, як вымірае вёска. Калісьці садзілі шмат — каб хапіла і сабе, і скаціне. Пасля эпідэміі афрыканскай чумы, свіней мала хто зноў заводзіць. А на вёску са ста дамоў няма ніводнай каровы. Ды і ратоў у вясковых сямей стала менш — людзі паміраюць і з’язджаюць.

Увогуле, капанне бульбы — гэта як медытацыя. Бульба вяртае да простых пячорных чалавечых радасцяў - працаваць, бачыць вынік свае працы і насалоджвацца ім. Падумайце пра гэта, калі будзеце замаўляць бульбу фры на вынас у шапіку з фаст-фудам ці дранікі ў любімым рэстаране.

Падзяліцца

Апошнія запісы

У святкаванні Дня перамогі задзейнічаюць жывёлін. Удзельнічае і каза з Гродзенскага заапарка

У акцыях на 9 траўня, прысвечаных святкаванню 80-годдзя перамогі, вырашылі задзейнічаць жывёл. Сабаку па мянушцы…

9 мая 2025

Аркі на Савецкай ужо ўпрыгожылі кветкамі - гараджане параўноўваюць вуліцу з «маленькай Галандыяй»

Супрацоўнікі "Гродназелянбуда" ўжо ўпрыгожваюць аркі на Савецкай кветкамі. У сацсетках з'яўляецца ўсё больш відэа з…

9 мая 2025

Над гродзенскім піўзаводам устанавілі флюгер з сімвалічнай датай. Яго аўтар — знакаміты каваль

У траўні на даху комплексу «Бровар Гродна» з'явіўся флюгер. Пры рэстаўрацыі гродзенскага піўзавода інвестару было…

9 мая 2025

Гродзенец знайшоў рэдкія здымкі горада часоў Першай сусветнай вайны

Гродзенскі краязнаўца Аляксандр Перагудаў знайшоў у расійскіх фондах шэраг малавядомых здымкаў Гродна часоў Першай сусветнай…

8 мая 2025

Праўладны Telegram-канал сцвярджае, што ў Гродне няма праблем з бульбай. Гараджане абурыліся

У траўні беларусы сталі актыўна абмяркоўваць знікненне бульбы з паліц у крамах. Звярнулі ўвагу і…

7 мая 2025

У Беларусі скарачаецца насельніцтва, у Гродне і Лідзе — расце

Гарадское і сельскае насельніцтва Беларусі скарачаецца. Згодна з Белстатам, у Гродне і Лідзе сітуацыя выглядае…

7 мая 2025