Гэта здараецца штогод. Ты стараешся пра гэта не думаць. Але адным восеньскім ранкам разумееш — час прыйшоў. Трэба капаць бульбу. Толькі бульба можа прымусіць беларусаў - мужную, гордую і незалежную нацыю — стаць ракам.
Бульба стаіць у цэнтры жыцця вяскоўцаў, як сонца ў цэнтры сонечнай сістэмы. Вясной бульбу садзяць, летам полюць, апрацоўваюць трактарам, труцяць караладскага жука (а то нам менш дастанецца), восенню капаюць. Самае цяжкае — зімой: трэба яе з’есці. Таму на стале з’яўляецца бульба вараная, жараная, печаная, пюрэшачкі, бабка, дранікі.
Капаць бульбу да свайкоў з’язджаюцца, здаецца, з усёй краіны. Перад бульбай роўныя і вясковыя, і гарадскія. Знаходзяцца нейкія штаны, якія выкарыстоўваюцца толькі для капання бульбы. Дастаюцца некалькі параў ботаў са склепу. І капаюць гарадскія не горш за мясцовых. Бо ўменне капаць бульбу — гэта нешта, што перадаецца на генетычным узроўні і ўпітваецца з малаком маці. Ці з першай пюрэшкай.
На полі вітаюцца словамі «Памажы Божа!». Бацька ўзгадвае, што калісьці бульбу капалі спецыяльнымі капачкамі. А ў інстытуце на цэлы месяц у межах добраахвотна-прымусовай працы пасылалі студэнтаў на палі. Зараз проста — выкапай свае дзесяць сотак за выходныя і ўсё. Святкуй дакопкі.
На бульбяных палях добра бачна, як вымірае вёска. Калісьці садзілі шмат — каб хапіла і сабе, і скаціне. Пасля эпідэміі афрыканскай чумы, свіней мала хто зноў заводзіць. А на вёску са ста дамоў няма ніводнай каровы. Ды і ратоў у вясковых сямей стала менш — людзі паміраюць і з’язджаюць.
Увогуле, капанне бульбы — гэта як медытацыя. Бульба вяртае да простых пячорных чалавечых радасцяў - працаваць, бачыць вынік свае працы і насалоджвацца ім. Падумайце пра гэта, калі будзеце замаўляць бульбу фры на вынас у шапіку з фаст-фудам ці дранікі ў любімым рэстаране.