Лесапарк Румлёво застанецца ў ранейшым выглядзе, а ў новых мікрараёнах пад зялёныя зоны адаптуюць ўчасткі лясоў, распавёў журналістам «Вячэрняга Гродна» кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Алег Бялінскі.

— Гэтыя зялёныя зоны чысцяць, праводзяць санітарную рубку, вызначаюць пешаходныя маршруты. Добры прыклад добраўпарадкавання сіламі мясцовых жыхароў - зялёная зона ў Фабрычным, — распавёў Алег Бялінскі.

Румлёва — помнік прыроды, таму яго захаваюць у такім выглядзе, як ёсць, толькі, магчыма, будзе больш дарожак і месцаў для адпачынку.

Яр на праспекце Янкі Купалы паміж школай № 26 і гімназіяй № 9 па генплане застанецца зялёнай зонай. Некалькі гадоў таму там планавалі зрабіць паркоўку або футбольнае поле, аднак гэта пакуль прапановы.