20 верасня гродзенскі «Нёман» абвясціў аб падпісанні з 28-гадовым камерунскім нападнікам Янікам Нджэнгам. Кантракт з футбалістам разлічаны на 1,5 года.

Вядома, што апошнім клубам нападніка быў малайзійскі «Тэренггану Т-Цім», які выступаў у першым дывізіёне краіны. Там нападнік правёў 9 матчаў і вызначыўся 4 забітымі мячамі.

Раней футбаліст паспяхова выступаў у чэмпіянатах Камеруна, Алжыра, Туніса і Швейцарыі. У 2012 годзе Янік выклікаўся ў першую зборную Камеруна, якую ў той час трэніраваў нямецкі спецыяліст Фолкер Фінке. Малады нападнік выходзіў на поле ў трох адборачных матчах да чэмпіянату свету, а таксама ў двух кваліфікацыйных сустрэчах Кубка Афрыканскіх Нацый.

Нагадаем, Нджэнг стаў другім афрыканскім нападнікам ў «Нёмане». Яшчэ ў сярэдзіне жніўня гродзенцы падпісалі Жуніёра Атэменга, але футбаліст за асноўны склад жоўта-зялёных яшчэ не дэбютаваў.