23-гадовы камерунскі нападнік Жуніёр Атэменг падпісаў да канца сезона кантракт з «Нёманам». Пра гэта 17 жніўня паведаміла прэс-служба гродзенскага клуба.

Вядома, што апошнім клубам камерунскага футбаліста быў мараканскі «Мулудзія Уджда» (Д2), у які ён перайшоў у сярэдзіне 2017 года з іншай мараканскай каманды «Шабаб Атлас» (Д1) і дапамог ёй займець пуцёўку ў наймацнейшы дывізіён.

Таксама вядома, што футбаліст выклікаўся ў трэніровачныя лагеры і на таварыскія матчы моладзевых і алімпійскай зборных Камеруна (U-20, U-23). У «Нёмане» для маладога нападніка будзе першы вопыт выступлення ў Еўропе.

Рост форварда складае амаль два метры.

Жуніёр Атэменг за жнівень стаў трэцім футбалістам, якога падпісаў «Нёман». Да гэтага склад гродзенцаў папоўніў сербскі абаронца Міхайла Ёванавіч і нападнік Глеб Рассадкін.

Нагадаем, 17 жніўня аднаўляецца чэмпіянат Беларусі ў Вышэйшай лізе. У гэты Дзень «Нёман» у Магілёве сустрэнецца з мясцовым «Дняпром».

Пасля 17-ці тураў гродзенская каманда займае 8-е месца ў турнірнай табліцы і мае ў сваім актыве 25 ачкоў.