Гродзенец Мікалай Вербель у пачатку верасня зняў відэа, у якім паказаў некаторыя праблемныя месцы для раварыстаў у Гродне. Хлопец адзначае, што змены ў велаінфраструктуры горада заўважныя, але праблемы застаюцца.
«Я заўзяты раварыст. Вырашыў пракаціцца па горадзе і зрабіць відэа. Усё дзеля ўласнага задавальнення. Змены ў горадзе для раварыстаў ідуць у лепшы бок, але ёсць яшчэ месцы, дзе не асабліва пакатаешся», — сказаў Мікалай.
Праблемнымі месцамі застаюцца масты, Пышкі, дзе часта на веладарожках шпацыруюць мамы з вазкамі, а таксама высокія бардзюры.
З мая 2018 гарадскія службы пачалі актыўна займацца паніжэннем бардзюр і разметкай для раварыстаў. Пачыналі з цэнтра горада, а ўжо да восені павінны былі выйсці ў мікрараёны.