Каб зрабіць Гродна і яго ваколіцы трохі чысцей, гродзенцаў запрашаюць прыняць удзел у міжнароднай акцыі «Зробім». У гэтым годзе яна пройдзе 15 верасня. Арганізатары маюць намер прыбраць берагі рэк Ласасянка і Татарка.
«У дзень, калі акцыя будзе праходзіць ва ўсім свеце, мы збіраем прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і проста гродзенцаў, каб зрабіць наш горад яшчэ трохі чысцей, — распавядае каардынатар акцыі „Зробім“ у Гродне Яўген Філімонаў. — Маршрут уборкі складзе прыблізна 6−7 кіламетраў».
На Ласасянцы будуць прыбіраць адрэзак ад Нёмана да Юбілейнага возера, на Татарцы — ад старога млына да Юбілейнага возера. Яўген кажа, што там за апошнія гады сабралася шмат смецця.
Глабальная ўборка будзе толькі 15 верасня, але нішто не замінае праводзіць невялікія лакальныя акцыі цягам усяго цёплага сезону. Арганізатары адзначаюць, што паўдзельнічаць у акцыі можна і самастойна: трэба толькі знайсці бруднае месца ў Гродне і адправіцца туды са смеццевымі пакетамі.