Надзея Ількевіч, BlackBeast Media і Майстэрня сацыяльнага кіно нядаўна адкрылі бясплатную анлайн-платформу для гарадскіх актывістак і актывістаў, піша Гродзенскі Зялёны партал. Калі вы хочаце зрабіць свой праект, школа Zmena дакладна будзе для вас карыснай: вы навучыцеся рэалізоўваць задуманае, палепшыце свае бізнес-навыкі і зможаце пакінуць заўважны след у гісторыі свайго горада.

Як гэта працуе

Курс навучання падзелены на два этапы: асноўная частка складаецца з сямі ўрокаў, і дадатковая («прасунуты» курс) — з трох заняткаў. На кожным уроку будзе відэалекцыя, інтэрв'ю з экспертам, канспект, інфаграфіка і практычныя заданні.

Першы ўрок дасць уяўленне аб тым, як ператварыць ідэю ў праект: як вызначыць праблему, як з ёй працаваць,
якія існуюць этапы рэалізацыі. Другі занятак будзе прысвечаны гарадскім даследаванням. Навошта яны патрэбныя, як іх праводзіць, і як зрабіць так, каб даследаванні не былі сумнымі і былі карыснымі.

Далей гаворка пойдзе пра асаблівасці стварэння і працы каманды праекта, пра тое, як далучаць мясцовую супольнасць, шукаць фінансаванне, узаемадзейнічаць з дзяржаўнымі структурамі і прасоўваць ужо гатовы праект.

Фото: pixabay.com
Фота: pixabay.com

Навошта гэта патрэбна

Па словах Надзеі, анлайн-праект такога тыпу запатрабаваны, таму што афлайн-актыўнасці відавочна недастаткова.

«Многія мерапрыемствы, якія праводзяцца афлайн, праводзяцца ў Мінску, і ў актывістак і актывістаў з іншых гарадоў далёка не заўсёды ёсць магчымасць на іх прыехаць. Таму мы вырашылі зрабіць платформу і выкласці туды кучу матэрыялаў, каб палегчыць задачу і экспертам, і актывістам. Адзін эксперт прама так і казаў: «Як добра, што зараз ёсць курс анлайн, і мне не трэба будзе актывістам-пачаткоўцам распавядаць пра ўсё сваё прафесійнае жыццё».

Пакуль платформа толькі-толькі запусцілася, і яе стваральнікам складана сказаць, наколькі яна сапраўды аблегчыць штодзённую працу гарадскіх актывістаў у беларускім кантэксце. Але пройдзе нейкі час, і, магчыма, у курсы будуць уносіць пэўныя змены. Ды і ў цэлым пакуль казаць пра рэальную эфектыўнасці платформы рана, але вельмі важна, што аўтары ідэі гатовыя да будучых трансфармацый.

Хочаце рабіць свой горад лепшым? Для урбан-актывістак і актывістаў з'явілася анлайн-школа

Але навошта наогул змяняць гарады? Надзея лічыць, што адказ на гэтае пытанне відавочны.

«Чалавек сам па сабе мяняецца, і мяняюцца вакол тэхналогіі, экалагічнае асяроддзе. Усё мяняецца. Калі б мы не змянялі гарады, то жылі б цяпер у крэпасці, навокал якой быў бы роў, і ездзілі б на конях. Але ўсё трансфармуецца, і чалавек павінен пастаянна адаптаваць асяроддзе пражывання пад свае новыя патрэбы, патрэбы ці запыты.
У сувязі з гэтым узнікаюць актывісты, у якіх ёсць нейкія новыя ідэі, — магчыма, яны кудысьці з’ездзілі, нешта падгледзелі ў іншых гарадах, што ім спадабалася і што яны захацелі прыўнесці ў сваё асяроддзе пражывання. Так з’яўляюцца праекты на Кастрычніцкай, розныя інклюзіўным праекты і г. д.»

З якімі праблемамі сутыкаюцца гарадскія актывісткі і актывісты?

«Самае складанае ў урбан-актывізме — гэта пачаць», — кажа Надзея. Бо вельмі цяжка знайсці ў сабе сілы і пачаць нешта змяняць, калі навакольныя не праяўляюць ніякай актыўнасці і яшчэ кажуць «дык навошта табе гэта трэба», «ды ў цябе нічога не атрымаецца».

«А калі ты ўсё ж пачынаеш, то ўжо проста не можаш спыніцца. Таму ў нас урбан-актывістаў не вельмі шмат, але яны ўжо, як правіла, прафесіяналы, якія вырасьлі. Яны знаёмяцца з іншымі людзьмі, ствараюць супольнасць. Гэта так працуе: калі ты ўжо пачаў, і ў цябе ўжо ёсць каманда, то цябе проста немагчыма спыніць. І тады ўсе праблемы з пошукам рэсурсаў, спонсараў і іншым сыходзяць на другі план».

Фото: pixabay.com
Фота: pixabay.com
Яшчэ адна праблема, якая многіх спыняе — гэта пошук фінансаў. Але Надзея перакананая, што тут усё залежыць ад погляду на сітуацыю.

«Зразумела, што калі чалавек хоча зрабіць велізарны фестываль за сто тысяч долараў і запрасіць Мадону, то адразу ў яго гэта не атрымаецца зрабіць. Пачынаць заўсёды складана, але лепш пачынаць з маленькіх праектаў. Для пачатку лепш зрабіць маленькі фестываль і паклікаць туды суседа граць на гітары, а ўжо праз нейкі час, можа, атрымаецца,
і з Мадонай арганізаваць мерапрыемства».

У пошуках ідэальнага горада

Наогул, варта памятаць, што не можа быць універсальнага ідэальнага горада.

«Цяпер гарады развіваюцца зусім па-рознаму, і нельга Барселону нацягнуць на Мінск, а Мінск нацягнуць на Нью-Ёрк, — кажа Надзея. — У розных месцах жывуць людзі з рознымі патрэбамі, розным менталітэтам і рознай гісторыяй. У кожнага горада і кожнай прасторы гісторыя свая».

Фото: pixabay.com
Фота: pixabay.com
Падарожнічаць цяпер проста — нам ужо не трэба скакаць дзесяць дзён на кані, а можна проста сесці ў самалёт і праз некалькі гадзін апынуцца ў іншым горадзе і працаваць адтуль аддалена. Сёння цалкам рэальна жыць у В’етнаме, працаваць у Сан-Францыска, а адпачываць на Кубе.

Зараз гэта цалкам нармальны лад жыцця, і людзі могуць выбіраць тыя гарады і тыя прасторы, дзе ім камфортна жыць. Адпаведна, гарадскі актывізм павінен гэта ўлічваць. Трэба працаваць з аўдыторыяй і развіваць горад у адпаведнасці з рэальнымі патрэбамі мясцовых жыхароў.

Ва ўсіх нас ёсць сваё бачанне прыгожага і сваё ўяўленне пра тое, як зрабіць свой двор, вуліцу, мікрараён або горад яшчэ лепшымі. Але калі бачанне гарадскога актывіста не супадае з бачаннем большасці, а ён усё роўна спрабуе ўвасобіць сваю ідэю ў жыццё, то чым ён адрозніваецца аб дзяржаўнай ідэалагічнай машыны?