Начныя шпацыры па летнім Гродне — што можа быць лепш? Праўда, гродзенцам і турыстам прыходзіцца блукаць па начных вуліцах у цемры. Не дзіўна, што адключэнне святла на вуліцах заняло пятае месца ў нашым апытанні пра рэчы, якія нас бесяць. Пра цемру на вуліцах мы пагутарылі з гродзенцамі, гасцямі горада і «Гарсвятлом».

"У мэтах эканоміі". Чаму гродзенцы мусяць блукаць у цемры па начных вуліцах
з архіву Hrodna.life

Турысты не разумеюць

Турысты з Літвы Ёнас і Она былі не ў захапленні, калі вячэрні шпацыр па горадзе пераўтварыўся ў блуканні па цёмных вуліцах.

«Гродна вельмі прыгожы горад, хацелася паглядзець на яго ўначы. Днём заўважылі, што амаль на кожным будынку ў цэнтры ўсталявана падсветка, але яна чамусці на большасці будынках не працавала. А пасля поўначы ў горадзе стала вельмі цёмна. І гэта ў суботу, калі на вуліцах яшчэ было шматлюдна і працавала шмат забаўляльных устаноў».

Святло да поўначы

Агулам па стане на 17 жніўня асвятленне ўключаецца ў 21.35, а адключаецца ў 5.28, расказалі Hrodna.life у «Гарсвятле».

Да поўначы асвятленне ў цэнтры працуе напоўніцу, а пасля цэнтр пераводзіцца ў начны рэжым з мэтай эканоміі, падсумавалі ў «Гарсвятле». За межамі цэнтра ў «эканомны рэжым» горад пагружаецца пасля 22.00.

Ранішняе ўключэнне — 28 хвілін

У такіх раёнах як Панямунь, Зарыца, Баранавічы і іншых пасля першай гадзіны ночы асвятленне знікае цалкам аж да пятай гадзіны. На сённяшні дзень асвятленне вяртаецца перад світанкам на 28 хвілін. З набліжэннем зімовага перыяду час ранішняга ўключэнне паступова расцягваецца да некалькіх гадзін.

Дадатковая падсветка і ілюмінацыя ў горадзе працуе да 22.00 у працоўыя дні і да 23.00 у выходныя, а ў святы нават да гадзіны ночы.

Вырашае не «Гарсвятло»

З пытаннямі наконт працягласці асвятляльнага перыяду ў «Гарсвятло» звяртаецца няшмат людзей. «Было некалькі званкоў з новага раёну Ласосна-4, а так людзі ўжо ў курсе», — сказалі нам.

Дарэчы, гэта не «Гарсвятло» вырашае пытанні па працягласці працы асвятлення. Графікі складаюць у выканкамах і ўзгадняюць з ДАІ. Таму, калі ў людзей узнікаюць пытанні, ім трэба звяртацца ў выканкам.

Сабачнікі не ў захапленні

Раннім пераводам асвятлення ў эканомны рэжым незадаволены сабачнікі.

Міхаіл кажа, што ўлетку даволі часта даводзіцца выходзіць на прагулку з сабакам каля поўначы. Вяртацца дамоў па напаўцёмным горадзе не надта прыемна. Міхаіл лічыць, што тэрмін паўнавартаснага асвятлення варта падоўжыць, прынамсі ў цёплы перыяд году.

«Прыемна ў гарачыя летнія дні выйсці на шпацыр з сабакам і прагуляцца гадзіну другую па начным горадзе», — кажа Міхаіл і дадае, што аднойчы з-за недастатковага асвятлення людзі спалохаліся ягонага сабакі.

Са святлом — бяспечней

19-гадовая Марыя таксама не супраць, каб асвятленне працавала даўжэй. «Шмат бараў і кафэ працуюць пасля поўначы. Вяртацца дадому трэба ў цемры», — кажа яна. І дадае: калі на вуліцы добрае асвятленне, адчуваеш сабе бяспечней. Маўляў, у летні перыяд прынамсі ў цэнтры асвятленне павінна працаваць напоўніцу да світанка.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life