Нядаўна жыхарка Панямуні запрасіла сяброўку прыехаць па агуркі. На мясцовым бездарожжы тая прабіла паддон. Жыхары тамтэйшай вуліцы Берагавой чацвёрты год вядуць перапіску з уладамі, ЖКГ і дарожнікамі. Дарогі так і не дамагліся, таму працягваюць біць машыны.
Гарадскія тарыфы
Да 2008 года Панямунь лічылась вёскай у Гродзенскім раёне. 10 год таму яе жыхары афіцыйна сталі гарадскімі. Праўда, самі кажуць, гарадскімі сталі толькі тарыфы.
Жыхары страцілі ўсе ільготы, якія ёсць у сельскага насельнітва. Спадзяваліся, што змены прывядуць да лепшага. «Думалі, горад нарэшце правядзе каналізацыю і зробіць дарогі», — кажуць жыхары вуліцы Берагавой. Аднак дарог, годнага асвятлення і цэнтральнай каналізацыі дагэтуль няма.
Добраўпарадкаванне не плануецца
Яшчэ ў 2015 годзе жыхары вуліцы пачалі збіраць подпісы і дасылаць звароты. Яны так нічога і не дабіліся. Алена Этэль перадала ў рэдакцыю перапіску, якую вядзе з чыноўнікамі. За гэтыя гады ў яе назбіралася цэлая папка адпісак.Чыноўнікі ў адказах спасылаліся на абмежаваны бюджэт, які не дазваляе ўпарадаваць вуліцу, пракласці каналізацыю і правесці асвятленне. Падсыпка і грэйдзіраванне — адзінае, што могуць прапанаваць дарожнікі.
Жыхары звярталі ўвагу, што вуліца дастаткова кароткая — усяго 400 метраў. Значыць, і працы павінна быць няшмат. Але такі аргумент чыноўнікаў не пераканаў. Звярталіся да мясцовых дэпутатаў - без выніку.
Асфальт толькі нашкодзіць?
У адказе з прамой лініі мясцовым наогул сказалі, што дарогу не асфальтуюць нібыта з добрых намераў. «На іх думку, гэта прывядзе да падтаплення дамоў», — кажуць жыхары Берагавой. Чыноўнікі тлумачылі, што калі не будаваць тратуараў, бартоў і ліўнеўкі, а проста асфальтаваць, то дамы па няцотным баку будзе рэгулярна падтапляць.
Можна праваліцца
Жыхары адзначаюць, што на іх вуліцу нават хуткая баіцца ехаць. Адсутнасць нармальнай дарогі проста небяспечная. «Тут можна нават праваліцца», — кажуць мясцовыя і паказваюць 40−50-сантыметровыя канавы пасля дажджу.Уласніца пабітага аўтамабіля і яе сяброўка, жыхарка Берагавой, не хочуць пакідаць сітуацыю «на тармазах» і маюць намер дайсці ў справе дарогі да найвышэйшых інстанцый.
Падсыпка — да першага дажджу
Цягам тыдня пасля здарэнне на Берагавую прыехалі дарожнікі і засыпалі яміну. Але толькі адну — у тым месцы, дзе жанчына прабіла паддон. Далей вуліца засталася без змен. Жыхары кажуць, што такога «рамонту» хопіць хіба што да наступнага буйнога дажджу. А потым зноў прыйдзецца пісаць лісты і званіць на прамыя лініі.
Вось як падсыпалі вуліцу ў Панямуні:
Ніжэй — фрагменты толькі трох з мноства адпісак за апошнія гады. З іх вынікае, што акрамя падсыпкі і грэйдзіравання жыхарам вуліцы Берагавой спадзявацца няма на што.