Дзяўчынкі ў панчохах і спадніцах пад японскіх школьніц, хлопцы ў масках, каляровыя валасы і танцы пад карэйскую музыку – у Гродне прайшоў летні анімэ-бал.
Ніхто не чакаў такога наплыву людзей. Каля тайм-кафэ “Партал” паўстала сапраўдная чарга і паўгадзіны спатрэбілася толькі на тое, каб усе жадаючыя зайшлі. Ніхто не думаў, што цяпер аматараў японскіх мульцікаў у Гродне так шмат. “Ветэраны” руху ўзгадвалі, як калісьці збіраліся ў падвале і абмярковаўвалі анімэ – іх было чалавек 20. На балі ж найбольш было новага пакалення анімэшнікаў – школьнікаў 13-16 гадоў.

Гульня ў пераапрананне
Некаторыя прыйшлі ў касцюмах любімых герояў. Такое хобі называецца касплэй. Аляксандра, вядомая пад нікам Чыбік, тлумачыць: лепш падбіраць герояў, падобных да цябе па камплекцыі, знешнасці і характары. Так іх прасцей адыграць.

– Людзі стараюцца падчас падрыхтоўкі касплэя вывучыць міміку героя, разабраць характар. Не толькі рухі цела, але і выраз твару, погляд, усмешка павінны адпавядаць герою. Людзей праваблівае, калі ты паглыбляешся ў гульню.
Чыбік падрыхтавала некалькі касцюмаў для анімэ-балу. Спачатку яна была Кірыта з Sword Art Online. Дарэчы, гэта персанаж-мужчына. Адзенне і абутак героя Аляксандра шыла ўручную. Пасля касплэіла Лісу з існуючага карэйскага гурта BlackPink.

На падрыхтоўку касцюмаў сыходзіць каля месяца. Для натуральнаці вобразу выкарыстоўваюцца парыкі, накладныя вушы, атрыбутыка героя. Аляксандра кажа, што гэта яе хобі. Пакуль яна ўдзельнічае ў фестывалях па Беларусі. Восенню плануе паехаць на фестываль “ИгроМир 2018” и “Comic Con Russia 2018” у Маскву.

Касцюм за 17 долараў
Маргарыта [на загалоўным фота ў пачатку артыкула] ўпершыню ўдзельнічала ў касплэі ў вобразе Рэм з анімэ Re:Zero. Яна купіла касцюм пакаёўкі на Аліэкспрэс за 17 долараў, пафарбавала валасы ў блакітны і набыла блакітныя лінзы.
Касплэер Роршаха з комікса “Watchmen” прыйшоў у шчыльнай масцы. У ёй цяжка бачыць і размаўляць, затое эфектна і адпавядае арыгіналу.

На кірмашы можна было купіць плакаты, значкі, футболкі з выявай герояў. А таксама пакаштаваць смачнасці: рамэн – суп з лапшой, шакаладкі з дадаткамі, чыпсы з норы і палачкі Pocky – іх часта ядуць героі анімэ.

– Калі мы ехалі, не ведалі, на што разлічваць: колькі людзей прыйдзе, які кантынгент, як ім зайдуць нашы фішкі. І тое, што прыйшло шмат людзей і актыўна ўдзельнічала, не можа не радаваць, – кажуць арганізатары з Мінска.

Яны плануюць прыязджаць у Гродна яшчэ. І матываваць удзельнікаў з падамогай прызоў ад крамаў-партнёраў “Ламповая Лавка” і Okami.by.















