Святкаванне Дня ПДВ у Гродне пачалося раніцай 2 жніўня ля Юбілейнага возера. У Гродзенскім аэраклубе дэсантнікі і спартсмены здзейснілі па некалькі скачкоў з парашутам. Пасля гэтага святкаванні перанесліся ў цэнтр горада.

Ля мемарыяла воінам-інтэрнацыяналістам дэсантнікі ўсклалі кветкі і далей калона з дваццаці чалавек накіравалася ў цэнтр горада на традыцыйныя гулянні. Там некаторыя ажыццявілі адну з традыцый, якую не ўсе ўхваляюць — купанне ў фантанах. Гулянні ў горадзе будуць працягвацца да позняга вечара.

Даведка

2-га жніўня ў Беларусі адзначаюць Дзень дэсантнікаў і сіл спецыяльных аперацый. Таксама і прадстаўнікі паветрана-дэсантных войскаў, якiя жывуць на постсавецкай прасторы, адзначаюць сваё свята менавіта ў гэты дзень. Яны гэта робяць таксама, як і памежнікі ці маракі. Менавіта ў гэты дзень у 1930 годзе ў Савецкім саюзе ўпершыню дэсантаваліся на парашутах 12 чалавек для выканання тактычнай задачы. З тых часоў і прынята лічыць 2 жніўня Днём нараджэння ПДВ.

На Гродзеншчыне жывуць і тыя, хто ў свой час праходзіў службу ў дэсантных войсках СССР, і тыя, хто служыў ужо ў незалежнай Беларусі. Традыцыі, закладзеныя дзясяткі гадоў таму, працягвае і маладое пакаленне, якое нядаўна звольнілася ў запас. Многія 2 жніўня збіраюцца з калегамі і едуць на прыроду ці прыходзяць у цэнтр горада і там адпачываюць.