Маршалак польскага Сенату Станіслаў Карчэўскі 28 ліпеня прыехаў у Гродна, каб прыняць удзел у святкаванні 30-годдзя Саюза палякаў на Беларусі. Падчас візіту палітык разам з дэлегацыяй наведаў службу ў Бернардынскім касцёле, а таксама сустрэўся з прадстаўнікамі Гродзенскага аблвыканкама.

У склад дэлегацыі ўваходзяць прадстаўнікі парламента і ўрада Польшчы.

Таксама дэлегацыя на чале з маршалкам ўскладзе вянок да Катынскага крыжа на вайсковых могілках у Гродне. Увечары 28 ліпеня дэлегацыя прыме ўдзел ва ўрачыстым канцэрце прысвечаным 30-годдзю Саюза палякаў на Беларусі і сустрэнецца з мясцовымі палякамі, піша PAP.

30 гадоў таму ў Гродне было створана Культурна-адукацыйнае таварыства імя Міцкевіча, якое ператварылася пазней у самую буйную польскую арганізацыю ў Беларусі - Саюз палякаў на Беларусі (ZPB). У 2005 годзе ў СПБ здарыўся раскол. З таго часу існуюць два саюзы палякаў: адзін прызнаецца беларускімі ўладамі і непрызнаецца польскімі, іншы — наадварот, мае падтрымку з боку Варшавы, але пераследуецца беларускімі ўладамі.