Сцяну, як мяркуецца, 12 стагоддзя, знойдзеную археолагамі каля Новага замка ў Гродне, кансервуюць — засыпаюць пяском. Раскрываць яе таямніцу пакінуць на будучыню. С**бода разбіралася, чаму важна адкапаць сцяну наноў.
Мур з плінфы і колатага каменю знайшлі археолагі з Нацыянальнай акадэміі навук два тыдні таму. Яны назіраюць за пракладкай цеплатрасы да Старога замка.
Вачам спецыялістаў адкрыўся фрагмент вугла сцяны: адзін бок большы за два метры, другі — каля аднаго метра даўжынёй.
Цяпер знаходку кансервуюць: накрылі чорным спанбондам і засыпаюць пяском.
Як расказаў С**бодзе навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі НАН Беларусі Іван Спірын, так сцяна захаваецца і яе проста будзе знайсці пры наступных раскопках.
Археолагі мяркуюць, што муроўку варта вывучаць, але цяпер на гэта няма фінансавання. Ёсць спадзеў, што даследаванне правядуць падчас асобнай экспедыцыі, магчыма праз год.
[irp posts="72 615″ name=" Муроўка XII стагоддзя — ужо сенсацыя". Чаму раскопкі ля Новага замка трэба абавязкова працягваць"]
Дык што гэта за мур? Першапачатковая версія — Уваскрасенская царква.
Гісторык і археолаг Алесь Краўцэвіч дапускае такі варыянт, але з малой імавернасцю.
«Сцяна храма была б у тры разы таўсцейшая. Я раней знаходзіў развал Уваскрасенскай царквы ў іншым куце замка, бліжэй да драматычнага тэатра. Там былі тоўстыя блокі», — кажа С**бодзе Краўцэвіч.
Больш праўдападобная версія, паводле Краўцэвіча, — сцяна мусіла ўмацаваць схіл Замкавай гары. Знойдзеная плінфа, хутчэй за ўсё, выкарыстаная ўпершыню. Яе, відаць, назапасілі для будаўніцтва праваслаўных цэркваў. Але чамусьці будаўніцтва спынілі: архітэктара забралі ў Кіеў або не хапіла грошай.
Да таго ж камяні ў сцяне не да канца апрацаваныя: колатыя, але не адшліфаваныя да люстраной паверхні, тлумачыць гісторык.
Трэцяя версія — падмурак драўлянай пабудовы.
Але ўсё гэта толькі дапушчэнні, падкрэслівае адмысловец.
Гісторык Андрэй Чарнякевіч мяркуе, што сенсацыя ў тым, што аб’ект не ўпісваецца ў папярэднія веды, а яго вывучэнне зменіць уяўленне пра горад.
«Калі гэта магла быць толькі Уваскрасенская царква, то не было б так цікава. Калі тут комплекс мураваных аб’ектаў, гэта пераварочвае нашае ўяўленне пра Гродна», — кажа гісторык.
Падобны фрагмент сцяны з цэглы знайшлі каля дзесяці гадоў таму падчас перакладвання камунікацый на ўчастку паміж замкамі. Гісторыкі звярталі ўвагу археолагаў на знаходку, але яе не зафіксавалі.
Гэтая сцяна можа даць адказ, адкуль у Гродне быў архітэктурны ўздым, адкуль браліся грошы, якую палітычную ролю адыгрываў горад. Раскопкі — магчымасць кампенсаваць недахоп пісьмовых крыніц, якія па гэтым часе фактычна адсутнічаюць, разважае Андрэй Чарнякевіч.
У 1930-я гады адкрыццё Ніжняй царквы зрабіла сенсацыю, пасля якой Гродна пачалі называць наднёманскай Трояй або Вавелем.
«Гродна з места з цмянай гісторыяй з часоў ВКЛ ператварылася ў цэнтр старажытнай хрысціянскай цывілізацыі. Магчыма, сцяна на Новым замку дазволіла б назваць Гродна ўсходнееўрапейскімі Афінамі», — кажа гісторык.
Такія сцены можна сустрэць у Беларусі вельмі рэдка. Дзейных цэркваў таго перыяду ў Беларусі тры: у Полацку і Гродне. Археолагі знайшлі каля 20 сценаў ХІІ стагоддзя: у Полацку, Тураве, Навагрудку, Ваўкавыску, Гродне, Мінску, Смаленску. Амаль усе на паверхні зямлі не ацалелі.
У ХІІ стагоддзі існаваў шэраг школ мураванай архітэктуры: Кіеўская, Чарнігаўская, Уладзіміра-Суздальская, Галіцка-Валынская, Наўгародская, Полацкая, Смаленская і Гродзенская. Унікальнасць апошняй у тым, што яна мае толькі 6−7 помнікаў.
Алесь Краўцэвіч адзначыў, што на тэрыторыі замкаў у Гродне ніякіх будаўнічых работ, тым больш з выкарыстаннем тэхнікі, не можа весьціся, пакуль не папрацуюць археолагі.
«Адкрыццё зробленае з парушэннем норм аховы. Сцяну адкрылі экскаватарам. Гэта варварскі падыход», — упэўнены Краўцэвіч.
Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч накіраваў зварот у пракуратуру з просьбай правесці праверку выканання земляных работ на тэрыторыі замка.
Іван Спірын адказаў, што праверку на аб’екце яшчэ чакаюць. Адзначыў, што ў іх «усё ў парадку».
Археолаг патлумачыў, што выкарыстоўваць тэхніку нельга толькі на культурным слоі або археалагічным аб’екце. Тут, кажа, не археалагічныя, а суправаджальныя работы. Зверху пласт раней ужо капалі. Глыбіня трасы — два метры, а таўшчыня культурнага пласту каля 20−40 сантыметраў.
«Такія рэчы мы капаем экскаватарам. Мы вымушаныя так рабіць», — тлумачыць Іван Спірын.
Гродзенскія пункты выдачы заказаў Wildberries і Ozon аказаліся перапоўнены падарункамі для жывёл. Гэта вынік Таемнага…
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…