Калаж з фрагментаў відэа, зробленых дзецьмі ў польскім лагеры
«Мы цяпер сядзім у чарзе на прыём да псіхатэрапеўта, — распавядае Еўрарадыё Анастасія са Шчучына. — Пасля вяртання з лагера дачка стала вельмі плаксівай. Некалькі дзён ляжыць дома ў піжаме і плача. Яна такой не была».
На пачатку ліпеня дачка Анастасіі і яшчэ 50 дзяцей выехалі з Гродна ў летні лагер недалёка ад польскага горада Ломжа. Паездку арганізавала «Дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас» Гродзенскай дыяцэзіі. Дзяцей суправаджалі трое дарослых выхавальнікаў.
Нішто не прадказвала бяды. Ды і ці можа нешта адбыцца ў каталіцкім лагеры? Але бацькі тых, хто адпачываў там, заяўляюць, што ў апошні дзень змены выхавацелька згуляла з іх дзецьмі ў «квест на выжыванне». А арганізатары лагера ўсё адмаўляюць.
«Адпускаюць са спакойнай душой, — працягвае Анастасія. — Ведаю, што дзеці ездзяць у гэты лагер не першы год. Але літаральна праз два дні пасля прыезду дачка пачала тэлефанаваць і прасіць: „Мама, забяры мяне адсюль!“. Я патлумачыла, што нават не ведаю, дзе яны знаходзяцца. Спытала, што здарылася. Яна казала пра жудасную ежу і што ёй перастала там падабацца. Мне падалося, што яна проста капрызіць, таму што ў першы раз так далёка з’ехала ад мамы. Я прасіла напісаць, яна патлумачыла, што баіцца, таму што будзе, як з хлопчыкам, які перапісваўся з мамай, потым у яго забралі тэлефон, пачыталі перапіску і моцна лаяліся».
Па словах Анастасіі, усё гэта тлумачылася тым, што выхавацелька Ксенія, ўзбунтаваўшыся супраць прынятых у лагеры строгіх правілаў, вырашыла ўсталяваць свае парадкі.
«Недзе за тры дні да вяртання дадому ў дзяцей была экскурсія па Варшаве, — прыгадвае Анастасія. — Па словах дачкі, цётка Ксюша сказала: у лагеры сувязі з бацькамі больш не будзе, так што, маўляў, развiтвайцеся з імі да суботы. Сама цётка Ксюша папярэдзіла па Вайберы: «Лагер сёння і заўтра скалынецца».
Гэта ўсіх насцярожыла. Пазней, калі пыталася ў дачкі, што адбывалася, даведалася, што Ксенія ладзіла нейкія квэсты, называла дзяцей арлянятамі, арліцамі і абранымі, цалавала ў лоб і ў шчокі. На пытанне, у які час клаліся спаць, дачка адказала — у 2−3 гадзіны ночы. Гэтая Ксенія па поўнай іх вымотвала па начах. Днём яны спалі.
Яшчэ дачка распавядала, што выхавацелька пецярых хлапчукоў зачыняла у капліцы. Казала, што цётка Ксюша пастаянна была п’яная і частавала алкаголем старэйшых хлопчыкаў і дзяўчат, якім было гадоў па 15−16. Дзеці нібыта кампоцікі папівалі.
Яшчэ ў яе там была «апошняя місія». У апошнюю ноч яна бегала з нажом па лагеры, хацела падпаліць дамкі, дзе жылі дзеці, раскідвала пад імі паперу. Я спытала ў дачкі, ці бачыла яна нож. Яна адказала, што асабіста — не, але ўсе дзеці баяліся, некаторыя дзяўчаты плакалі, таму што бачылі, што яна з ім бегае".
Гэты расказ пацвярджае Еўрарадыё яшчэ адна мама, Наталля. Яе 15-гадовы сын адпачываў у тым жа лагеры, але патрапіў у іншы атрад.
«Кажа, што яны ўсю апошнюю ноч ад яе [выхавацелька Ксенія. — Еўрарадыё] кідаліся, і выхавальнікі таксама. Я пытаюся, маўляў, а дзе была ахова? А ён: усе баяліся. Дзяўчаты сядзелі ў адным доміку, хлопцы іх ахоўвалі. Пакуль адпачываў, нічога мне страшнага не пісаў, але, калі прыехаў, сказаў: «Мы маглі ўсе загінуць. Яна б нас спаліла. Выжылі б толькі 3−4 чалавекі».
Калі дзеці вярнуліся ў Беларусь і распавялі бацькам, што адбылося, тыя забілі трывогу. Гродзенскі сайт s13.ru апублікаваў ананімны ліст з дэталямі таго, што адбылося. Аўтара гэтага ліста нам знайсці не ўдалося, аднак бацькі, з якімі ўдалося паразмаўляць Еўрарадыё, увогуле, пацвярджаюць яго змест. Яны распавядаюць, што іх дзеці сутыкнуліся з неадэкватнымі паводзінамі выхавацеля. Інцыдэнт быў вычарпаны толькі пасля таго, як у лагер прыехала паліцыя.
Напрыканцы мінулага тыдня Еўрарадыё звязалася з кіраўніцтвам «Дабрачыннага каталіцкага таварыства „Карытас“» Гродзенскай дыяцэзіі. Там адмовіліся ад падрабязных каментарыеў і сказалі, што рыхтуюць абвяржэнне інфармацыі, якая з’явілася ў прэсе.
«Такога інцыдэнту не было! — запэўнівае намеснік дырэктара „Карытас“ Алена Міхайлік. — Дадзеная інфармацыя не адпавядае праўдзе. У нас ёсць дакументальныя пацвярджэнні».
Неўзабаве абвяржэнне было апублікаванае на сайце Сatholic.by:
«Інфармацыя, пададзеная названым рэсурсам [s13.ru. — Еўрарадыё] па пытанні забеспячэння бяспекі знаходжання моладзі з Беларусі падчас адпачынку ў цэнтры «Caritas бліжнім» (г. Ломжа, Польшча) не адпавядае рэчаіснасці. Па дадзеных адміністрацыі арганізацыі, якая запрашае і прымае ў Польшчы, а таксама ўпаўнаважаных органаў Рэспублікі Польшча, ніякія інцыдэнты, якія пагражаюць бяспецы падлеткаў, не мелі месца. Увесь перыяд знаходжання беларускай групы падлеткі паўнавартасна адпачывалі, выконвалася турыстычная праграма.
Выезды дзяцей для адпачынку і ў турыстычных мэтах за мяжу ажыццяўляюцца толькі ў месцы, забяспечаныя ўсімі неабходнымі ўмовамі для знаходжання непаўналетніх. Да выезду непаўналетніх за мяжу прад’яўляюцца асаблівыя патрабаванні, якія знаходзяцца пад пільным наглядам і кантролем.
Публікацыя і распаўсюджванне непраўдзівай і неправеранай інфармацыі з’яўляюцца безадказнымі і недапушчальнымі.
Згаданая публікацыя знеслаўляе гонар і годнасць нашай арганізацыі, названых у распаўсюджанай інфармацыі асоб і парушае заканадаўства Рэспублікі Беларусь".
Сваю пазіцыю кіраўніцтва рэлігійнай місіі «Дабрачыннае каталіцкае таварыства» Карытас"" Гродзенскай дыяцэзіі падмацоўвае лістом ад «Caritas» Ломжынскай дыяцэзіі (Польшча) і ад паліцыі горада Навогруд, да якога ад лагера каля двух кіламетраў. Сatholic.by паведамляе, што менавіта гэтае аддзяленне паліцыі забяспечвае парадак на тэрыторыі, дзе знаходзіцца цэнтр «Caritas бліжнім».
Еўрарадыё звязалася з Аленай, адной з трох выхавальнікаў, якія суправаджалі беларускіх дзяцей у лагеры «Карытас». Яна распавяла нам, што дзяцей сапраўды дрэнна кармілі, а на тэрыторыі лагера не працавалі ліхтары. Па словах Алены, у апошнюю ноч у лагер выклікалі паліцыю:
«Гэта здарылася пасля таго, як дзеці пачалі казаць, што ў яе нібыта ёсць нож, а да гэтага яна ўсіх цалавала ў лоб. Да мяне таксама падыходзіла. Сказала: „Калі хочаш выратавацца — бяжы ў каплічку“. Яшчэ прасіла перадаць камусьці прывітанне і папярэдзіла: „Вы ўсё сёння апыняцеся там“. Дзеці моцна спужаліся».
Па словах выхавальніцы, паліцыю выклікалі бліжэй да поўначы. Неўзабаве пасля яе прыехала карэта хуткай дапамогі. Ксенію павезлі ў Ломжу, каб яе агледзеў псіхіятр:
«Ксюшу забралі, — працягвае Алена. — Я асабіста з ёй ездзіла ў псіхіятрычную бальніцу. Яна ехала ў хуткай дапамозе, я з ксяндзом ў машыне. Мы прыехалі туды, я прысутнічала пры тым, як з ёй размаўлялі. Ксенія казала, што яна святая. У яе пыталіся, у чым гэтая святасць выяўляецца, ці чуе яна нейкія галасы? Яна адказвала: «Я не магу сказаць так, не магу сказаць не». Казала, што арлы выжывуць, каршуны загінуць. Сцвярджала гэта некалькі разоў. Казала, што вельмі хоча піць. Ёй далі — папіла. Потым сказала, маўляў, зрабіце мне ўкол, я хачу спаць.
У лагер я вярнулася недзе ў 01:30. Раніцай зразумела, што апошняя ноч перакрэсліла дзецям усё добрае, што ў іх адбылося за час адпачынку — і конкурсы, і танцы… Яны вярталіся да бацькоў са слязамі".
У псіхіятрычным аддзяленні Абласной бальніцы горада Ломжы каментаваць сітуацыю адмовіліся. А вось у мясцовым аддзяленні паліцыі пацвердзілі, што атрымлівалі выклік у населены пункт Птакі, у якім знаходзіцца лагер «Caritas бліжнім».
«Пацвярджаю, што паліцыянты аддзела паліцыі ў горадзе Ломжа былі выкліканыя 2018/07/13 ў населены пункт Птакі. Пасля правядзення праверкі паліцэйскія абмежаваліся выклікам на месца хуткай меддапамогі. З нагоды інфармацыі, якая тычыцца лагера, калі ласка, звяртайцеся да арганізатараў», — адказала на пісьмовы запыт Еўрарадыё намесніца прэс-афіцэра Уршуля Бруліньска.
Каждый человек должен следить за состоянием своего здоровья. Хотя бы раз год проходит основных врачей для профилактики. В ситуации женской половины человечества гинеколог занимает одно из первых мест среди списка основных врачей. Узнать детали можно на сайте mvclinic.ru.
Шматгадзінныя чэргі, перфаратар і два акенца на рэгістрацыю. Дзяўчына схадзіла ў Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай…
Прадпрыемства "Гродна Азот" 12 лютага ў Telegram-канале анансавала конкурс да Дня роднай мовы. Да самога…
Палітзняволены з Гродна Кірыл Кетурка скончыў жыццё самагубствам у Цэнтры ўтрымання пад вартай у Варшаве-Служэўцы…
Былому сенатару і дырэктару «Краснасельскбудматэрыялы» Уладзіміру Кісялёву пагражае да трох гадоў калоніі за разгалашэнне службовай…
"Малочны Мір" абавязалі змяніць назву для серыі глазураваных сыркоў. Пасля чыёсьці скаргі ў Міністэрства антыманапольнага…
На Гагарына, 25 у Гродне прадаецца двухпакаёвая кватэра з выдатна захаваным постсавецкім інтэр'ерам. Дом, у…